Бутусаў: У Мукачаве і раней былі разборкі — перадзел кантрабандных патокаў
Венгрыя, непадалёк ад мяжы з якой знаходзіцца Мукачава, заявіла пра намер прывесці свае войскі на мяжы з Украінай у баявую гатоўнасць.
Перастрэлка 11 ліпеня ў Мукачаве, за 1600 кіламетраў ад зоны АТА, стала непрыемнай нечаканасцю нават на фоне вайны на Данбасе. І не толькі таму, што перастрэлка адбывалася ў “мірным” памежным з Еўрасаюзам раёне, але і таму, што з буйнакаліберных кулямётаў і гранатамётаў па праваахоўніках стралялі байцы легендарнага “Правага сектару”. Што ж адбылося ў Мукачаве? Паспрабуем разабрацца.
Вось версія пракуратуры Закарпацця: “11 ліпеня каля 14 гадзін 20 узброеных асоб у камуфляжнай форме з надпісамі “Правы сектар” і адпаведнымі налепкамі на аўтамабілях з мэтай размеркавання сфер уплыву прызначылі сустрэчу народнаму дэпутату Украіны Міхаілу Ланьё ў адным з кафэ. Указаныя асобы, на глебе ўзніклага канфлікту пачалі стральбу. Работнікі міліцыі, якія прыехалі на месца здарэння, заблакавалі выезд з кафэ, пасля чаго ўзброеныя асобы пачалі страляць па супрацоўніках органаў унутраных спраў з гранатамётаў, аўтаматаў, кулямётаў”.
Пра тое, што першымі пачалі страляць байцы “Правага сектару”, сцвярджае і спікер МУС Украіны Арцём Шаўчэнка: “Першымі ўжылі зброю байцы “Правага сектару”, зафіксаваныя на відэа (відэа размешчанае ўнізе тэксту — Еўрарадыё): яны застрэлілі цывільную асобу, чыё цела пагрузілі ў свой аўтамабіль”.
Іншая версія ў прэс-сакратара ПС Закарпацця Галіны Кундзік: “Канфлікт абвастрыўся пасля таго, як хлопцы пачалі перакрываць шляхі кантрабанды (у Еўрасаюз — Еўрарадыё) і перашкаджаць карупцыйным схемам. Праз іх дзеянні крымінальныя аўтарытэты Закарпацця страцілі вялікія сумы грошай: хабараў не было, і таму зразумела, што нашы хлопцы перашкаджалі “нармальнай” жыццядзейнасці крыміналітэту. Пасля таго спадар Ланьё прызначыў нам сустрэчу, але там хлопцаў чакалі не толькі ўзброеныя бандыты, але і ўзброеная да зубоў міліцыя… Першымі адкрылі агонь не “правасектараўцы”.
У выніку двое “правасекаў” былі забітыя, а 11 чалавек, як з абодвух бакоў супрацьстаяння, так і звычайных людзей, паранена. Байцы “Правага сектару” адышлі ў горы, з імі вядуцца перамовы. Двое ўжо склалі зброю і здаліся праваахоўнікам, кажа дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка.
Даведка Еўрарадыё: Міхаіл Ланьё — былы сябра Партыі рэгіёнаў, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны. У крымінальных колах вядомы як Блюк. Быў асуджаны за згвалтаванне. Па інфармацыі ўкраінскіх СМІ, сёння Ланьё ўзначальвае крымінальную групоўку Закарпацця, якая не толькі займалася кантрабандай ды іншымі злачынствамі, але нібыта рыхтавалася да стварэння “Закарпацкай народнай рэспублікі”.
Вынікае, што прычынай канфлікту стала кантрабанда. Пра гэта піша і экс-журналіст, дэпутат Вярхоўнай Рады Мустафа Наем: “Асноўны прадукт нелегальнага экспарту — цыгарэты. Возяць самыя танныя ў Германію і Італію. Прыбытак зашкальвае. Да прыкладу, фура цыгарэт, якая даехала да Італіі, прыносіць 470 тысяч еўра прыбытку. Гэта “чыстымі” — за выняткам хабараў на ўсіх мытнях. За тыдзень праз “зялёнку” выязджае ад 3 да 5 фур”.
Але якія мэты былі ў бакоў супрацьстаяння ў Мукачаве: перадзел сфер уплыву ці спроба спыніць кантрабанду?
“Праблема шмат якіх рэгіёнаў Украіны ў тым, што мясцовая ўлада там так і не склалася: там ёсць інтарэсы феадальных груповак кантрабандыстаў, якія мацнейшыя за ўладу і якія вызначаюць парадак дзеянняў шмат у якіх сферах. Такога кшталту інцыдэнты, як цяпер, былі ў Мукачаве яшчэ і да Рэвалюцыі годнасці — там былі неаднаразовыя разборкі, звязаныя з перадзелам кантрабандных патокаў. Трэба разабрацца: гэта сапраўды нейкая група, якая вырашыла перамагчы кантрабанду, што не выключана, ці група людзей, якая, наадварот, хоча ўмяшацца ў перадзел кантрабандных патокаў”, — разважае ў каментары Еўрарадыё ваенны аналітык, галоўны рэдактар партала http://censor.net.ua/ Юрый Бутусаў.
Украінскі палітолаг Яўген Магда звяртае ўвагу на іншую акалічнасць:
“У Мукачаве адбыліся разборкі з крымінальным падтэкстам, якія ўмела былі скіраваныя ў палітычнае рэчышча. Бо сам факт з’яўлення ў публічнай сферы мясцовага “Правага сектару” менавіта цяпер прымушае задумацца: “Чаму менавіта цяпер? Чаму “Правы сектар”, пра які ў Закарпацці не было чуваць, нечакана вырашыў стаць такім актыўным і раптам навесці парадак у пытанні кантрабанды і барацьбы з ёй?”
Яўген Магда
Сітуацыя ўскладняецца тым, тлумачыць Юрый Бутусаў, што “Правы сектар” — гэта не арганізацыя з адным цэнтрам кіравання. Часам, кажа суразмоўца Еўрарадыё, у адным рэгіёне дзейнічае некалькі арганізацый, якія сцвярджаюць, што “Правы сектар” — гэта толькі яны. Сёння кожны ахвочы можа назваць сябе “Правым сектарам” і пайсці бараніць інтарэсы Украіны туды і так, як сам таго захоча. Тым больш што зброя не праблема.
Юрый Бутусаў: “У людзей на руках ужо шмат зброі. Яны там (у Мукачаве — Еўрарадыё) жывуць і яны завезлі сабе зброю з фронту — гэта відавочна. Але праблема не ў тым, што нехта сабе завёз зброю. Я лічу, што даўно трэба вызначыць статус тэрытарыяльнай абароны, якая будзе мець пэўнае ўзбраенне. Праблема ў тым, што яны яго адкрыта і дэманстратыўна ўжылі. Гэта недапушчальна — ездзіць наперавес з кулямётам нельга”.
Юрый Бутусаў
Абодва суразмоўцы Еўрарадыё ўпэўненыя, што так званыя “правасекі”, што заселі ў гарах Закарпацця, мусяць скласці зброю і здацца ўладам. “Але гэтым канфлікт не вычарпаецца, — папярэджвае Яўген Магда. — Трэба мяняць усіх сілавікоў Закарпацця і ўзмацняць барацьбу з кантрабандай. Нягледзячы на тое, што гэта важны элемент мясцовай эканомікі”.
Насуперак асобным меркаванням, Юрый Бутусаў упэўнены: канфлікт у Мукачаве — не першая ластаўка грамадзянскай вайны ва Украіне. “Украіна вялікая, і калі ў нейкай кропцы ёсць нейкае напружанне, гэта не азначае, што паўсюль ёсць нейкія баявыя дзеянні”. І, маўляў, калі хто плануе паездку ў Адэсу, Кіеў ці Львоў, то непакоіцца няма чаго. Праўда, дадае Яўген Магда, Венгрыя, непадалёк ад мяжы з якой знаходзіцца Мукачава, ужо напружылася праз апошнія падзеі і заявіла пра намер прывесці свае войскі на мяжы з Украінай у баявую гатоўнасць…
Цяпер у Мукачаве шмат высокіх чыноў у пагонах і палітыкаў, у тым ліку Дзмітрый Яраш. Перамовы працягваюцца. А Міхаіла Ланьё ўжо дапытала пракуратура. Праўда, вынік невядомы.
Фота: www.bbc.com, з асабістых архіваў Яўгена Магды і Юрыя Бутусава. Інфаграфіка: UA.