Было каля 1000 чалавек, цяпер — 50: беларускія рабочыя масава едуць з Венесуэлы
Венесуэла, дзе раней працавалі і добра зараблялі тысячы беларусаў, абрынулася ў эканамічную прорву. У крамах не хапае прадуктаў першай неабходнасці, з гэтай нагоды ўтвараюцца агромістыя чэргі. У ліпені па ўсім свеце гулялі фотаздымкі, на якіх тысячы венесуэльцаў прарываюцца ў Калумбію, каб купіць туалетную паперу.
“Я вярнуўся ў Беларусь з Маракая некалькі месяцаў таму. Там нас працавала каля 1000 чалавек, а засталося менш за 50. Гэта мінімальны персанал для таго, каб захоўваць там гаспадарку да лепшых часоў: начальнікі, кладаўшчыкі, ахоўнікі. Засталося пару чалавек для мінмальных работ, каб нешта падробліваць, рамантаваць”, — апавядае Еўрарадыё Павел, які яшчэ нядаўна працаваў у Венесуэле інжынерам-будаўніком на кампанію “Белзамежбуд”.
У самой кампаніі пацвярджаюць, што паехаць на працу ў Венесуэлу ўжо нельга.
“Адкрытых вакансій на дадзеным этапе няма. Бліжэйшым часам яны не плануюцца”, — сцісла кажуць у “Белзамежбудзе”.
Павел дзеліцца інфармацыяй, што беларусы, якія ў Венесуэле пакуль застаюцца, зарабляюць прыкладна тыя ж грошы, што і раней: 1500 долараў плюс камандзіровачныя ў баліварах.
“У нашых ёсць долары, і вялікай праблемы, каб закупіцца ў супермаркеце, няма. Хоць часта нашы купляюць прадукты непасрэдна ў венесуэльскіх рабочых, якія іх бяруць у сацыяльных крамах і потым перапрадаюць. Калі ў мясцовага жыхара грошай няма, ён ходзіць у гэтыя сацыяльныя крамы з агромістымі чэргамі”.
Беларус з Венесуэлы: "Долар вырас у 126 разоў, мая фірма закупіла браневікі"
Павел час ад часу звязваецца з калегамі-беларусамі, якія дагэтуль працуюць у Венесуэле. Яму расказваюць, што крымінагенная сітуацыя ў апошнія месяцы пагоршылася, але не да такой ступені, што адчуваеш сябе, як на вайне.
“Каб забіваць, нікога з нашых не забівалі. А абакрасці — гэта там заўжды была звычайная справа”, — кажа Павел.
“У камерцыйным супермаркеце кетчуп каштуе ў 20 разоў даражэй, чым у сацыяльным”
Раней Венесуэла лічылася адным з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Калі у нас з Расіяй была так званая “нафтавая вайна”, лацінаамерыканскія партнёры першымі выклікаліся пастаўляць у Беларусь нафту на танкерах. Баліварыянская рэспубліка з задавальненнем купляла нашы трактары і аўтобусы. Тыя часы выглядаюць як слаўная казка.
Паводле звестак “Белстата”, за першую палову 2016 года мы экспартавалі ў Венесуэлу тавараў на такую суму, што не хапіла б на пакупку ў Мінску новай Таёты “Лэнд Крузер 200”. Калі канкрэтна, паставілі 76 ракавін на 1500 долараў, акумулятараў — на 13000 долараў, металаканструкцый — на 40000. Выходзіць, за паўгода наш экспарт у Венесуэлу склаў 54500 долараў. Венесуэле сёння відавочна не да Беларусі. А вось нашы землякі, якія там жывуць і зарабляюць, адчуваюць сябе даволі добра.
“Я атрымліваю зарплату ў доларах, і ў мяне ўсё ёсць. Праблемы з пастай ці дэзадарантамі маюцца, але я прывожу гэта з Беларусі. У Венесуэле іду ў супермаркет, трачу на прадукты за тыдзень 50-100 долараў. У гэтым плане ўсё тое ж самае, што і ў Беларусі”, — разважае Дзяніс, наш зямляк, які раней працаваў у Маракаі на “Белзамежбуд”, а потым наняўся ў замежную кампанію.
Беларус тлумачыць, што чэргі, якія мы бачым у навінах, утвараюцца выключна каля так званых сацыяльных супермаркетаў. Праблема выбухнула пасля падзення нафтавага рынку. Аказалася, што эканоміка Венесуэлы толькі і трымалася на “чорным золаце”. Таксама ў краіне шалёная карупцыя на ўсіх узроўнях. У лепшыя часы жыхары Баліварыянскай рэспублікі, лічы, за бясцэнак закупляліся ў сацыяльных крамах. І вось, гэтая сістэма абрынулася.
“У сацыяльнай краме Кетчуп Heinz каштуе 30 цэнтаў, а ў камерцыйным супермаркеце — 6 долараў, у 20 разоў даражэй. Вось таму людзі і ідуць туды, дзе танней, дзе кошты рэгулюе дзяржава. Чалавек становіцца ў чаргу, а што прывязуць, не ведае. А прывозяць, скажам, мыйны парашок. Адзін з пяці пакупнікоў будзе яго выкарыстоўваць, а астатнія людзі перапрададуць парашок мне, заробяць нейкую капейку. Так людзі і жывуць”, — апісвае асаблівасці Дзяніс.
Еўрарадыё: Ці шмат у Венесуэле бедных людзей, якія ходзяць у сацыяльныя крамы?
Дзяніс: Там, дзе я жыву, шмат індзейцаў. Многія з іх, хутчэй, будуць стаяць з працягнутай рукой, але за анучу, каб пайсці выціраць сцёклы, не возьмуцца. Тут трэба разумець сітуацыю, якая склалася ў краіне гістарычна. Тут сацыялізм. Усё было амаль бясплатна, пачынаючы ад бензіну. Людзі прывучыліся мала рабіць, але шмат мець. І калі сітуацыя змянілася, не прагнуць мяняць свой падыход да працы. А ў каго ёсць грошы — тыя ні пра што па-ранейшаму не турбуюцца.
Еўрарадыё: Колькі балівараў даюць за долар?
Дзяніс: Ужо цягам паўгода на чорным рынку курс долара аднолькавы — 1000 балівараў. За долар можна купіць 170-180 літраў 95-га бензіну.
Еўрарадыё: Вы часта ездзіце ў камандзіроўкі па Венесуэле. Ці бяспечна гэта?
Дзяніс: Усе службы нармальна працуюць: гатэлі, таксі, лятаюць самалёты. Таму ў плане бяспекі, у прынцыпе, усё стабільна, калі добра плануеш свае перамяшчэнні. Чыгункі няма, зручней за ўсё лятаць. Квіток па Венесуэле каштуе да 10 долараў. Напрыклад, сёння лячу з Барселоны ў Каракас, пералёт — 5 долараў. Падчас камандзіровак жыву ў правераных і дарагіх гатэлях. Усё аплачвае мая кампанія. Добры нумар каштуе 40 долараў. У Мінску такі будзе каштаваць не менш за 100. І калі ў Венесуэле здарыцца нешта страшнае, то я імгненна пакіну краіну. Не паспеюць навіны з’явіцца ў СМІ, як я ўжо буду ў Беларусі.
Фота washingtonpost.com, inmigrantesenpanama.com