Выпадковая праўда? Толькі за красавік у Мінску памерлі 117 чалавек з COVID-19
Сенсацыйная заява прагучала 22 траўня на вебінары Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў "Практычныя аспекты аказання анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19". Старшыня арганізацыі, загадчык аддзела Мінскага НПЦ хірургіі транспланталогіі і гематалогіі, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук Аляксандр Дзядзько распавёў пра смяротнасць у красавіку ў сталіцы ад каранавіруса:
"Вось за красавік палічылі даныя ў горадзе Мінску. У нас лятальнасць склала 27%, што супастаўна з тымі лічбамі, якія прадставілі замежныя спецыялісты".
На экране ў гэты час быў паказаны слайд, з якога вынікае, што ў красавіку 2020-га ў беларускай сталіцы ў рэанімацыях бальніц ад COVID-19 памерлі 117 чалавек. Між тым, па афіцыйнай статыстыцы, на 1 траўня (у гэты дзень мы атрымалі апошнія даныя за красавік) па ўсёй Беларусі зарэгістравана 93 смерці пацыентаў "з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй".
А на раніцу 22 траўня ў нашай краіне памерлі 190 чалавек з каранавірусам, сведчыць Мінаховы здароўя.
Відэа з вебінара па стане на вечар 22 траўня недаступнае. Кароткі фрагмент, пра які ідзе гаворка, мы перазалілі на свой канал на Youtube:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.