Чацвёрты выпадак шаленства ў Гродне за год: на вуліцы знайшлі мёртвага ката
Чацвёрты выпадак шаленства за год сярод жывёлаў выяўлены ў Гродне. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў намеснік галоўнага ветэрынарнага лекара Гродна Дзмітрый Гайда.
У гарадскую санстанцыю затэлефанаваў невядомы і заявіў, што на вуліцы Давыда Гарадзенскага знойдзены труп ката. На месца выкліку адразу выехалі спецыялісты. Лабараторныя даследаванні паказалі, што жывёла хварэла на шаленства.
Вуліца Давыда Гарадзенскага размяшчаецца ў цэнтры горада. Цяпер у гэтым раёне праводзцца пазапланавая вакцынацыя (на базе ЖЭСаў). Таксама спецыялісты высвятляюць людзей, якія маглі кантактаваць з шалёнымі жывёламі. Уладальнікам непрышчэпленых хатніх гадаванцаў пагражае штраф.
Папярэднія тры выпадкі шаленства былі выяўленыя ў Гродне гэтай восенню. У кастрычніку шалёныя тхор і кот сталі прычынай каранціну на дзвюх вуліцах горада, а на пачатку лістапада быў выяўлены яшчэ адзін шалёны кот. Спецыялісты рэкамендуюць не чапаць бяздомных жывёлаў, а калі жывёла выглядае ці вядзе сябе падазрона, дык паведамляць пра гэта ветэрынарам.
У Гродзенскім жа раёне выяўлены дванаццаты выпадак шаленства за 2018 год. Тут у вёсцы Жылічы захварэў хатні кот. Гаспадыня доўгі час лячыла яго ад гнойнага атыту і не заўважала нічога падазронага ў яго паводзінах. Калі гаспадыня звярнулася да ветэрынараў, захворванне было запушчанае.