Чарнігаў чакае “Краму”, IQ-48 і “Нейра Дзюбель” 21 жніўня на “Be Free”

Арганізатары фестывалю “Be Free” - BMA Group, Еўрарадыё і "Студфармат" - учора на перамовах з уладамі Чарнігава канчаткова вызначыліся з датамі правядзення чарговага фэсту. І пачалі складаць спіс удзельнікаў сёлетняй імпрэзы. Распавядае адзін з арганізатараў Віталь Супрановіч. Віталь Супрановіч: “Толькі ўчора ўдалося вызначыцца з датамі і атрымаць папярэднюю згоду на правядзенне фестывалю. Будзе 21-23 жніўня, вось у гэтыя даты, фестываль. І пройдзе ён, як і летась, у Чарнігаве”.

А гэта, кажа Віталь, дае падставы меркаваць, што “Be Free”, як і планавалася, надоўга прапішацца ў гэтым украінскім горадзе. Што тычыцца ўдзельнікаў фестывалю, то спіс яшчэ складаецца.

Віталь Супрановіч: “У сувязі з тым, што горад застаўся той самы, што і быў летась, мы вырашылі не паўтараць удзельнікаў. Не запрашаць тых, хто быў на фестывалі ў мінулым годзе. Так атрымалася, што летась у нас не выступалі “Крама”, “Нейра Дзюбель” і IQ-48. Таму мы вырашылі ўзяць у першую чаргу гэтыя гурты. Сёння мы вялі перамовы з гуртом N.R.M., але пакуль не атрымалі іх згоды ўдзельнічаць”.

Таксама, кажа Віталь Супрановіч, вядуцца перамовы з украінскім гуртом “Бумбокс” на удзел у фестывалі. Будуць запрошаныя і гурты з іншых краін. Але пакуль арганізатары толькі вызначаюцца, каго яны хацелі і маглі б запрасіць у Чарнігаў на “Be Free”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі