Часцей за ўсё ў мінскіх кабаках замаўляюць Лепса, Nirvana ды “Лесоповал”

Найбольш зручныя па коштах, жывым музычным напаўненні ды месцазнаходжанні сталічныя кабакі Еўрарадыё ўжо вызначыла. Самы час скласці плэй-ліст, пад які расслабляецца публіка ў гэтых месцах.

Гурт No Comment Band адразу адразае, што па замовах песень не выконвае. Праграма выступу звычайна складаецца ў адпаведнасці з месцам і публікай мерапрыемства. Тым не менш, самым асноўным хітом замоваў яны называюць лепсаўскую “Рюмка водки на столе”, якую самі прынцыпова не выконваюць.

“Хадавая песня — “Видели ночь” у версіі Zdob Si Zdub, — пералічвае самыя частыя замовы, якія супадаюць з плэй-лістом, лідар гурта Алег “Лімон”. — Радзей, але таксама часта выконваецца “Земля в иллюминаторе”. А! У кожнага кавер-бэнда ў рэпертуары мусіць быць “Baila”. А так у нас даволі шырокі і спецыфічны рэпертуар: у ім і сучасныя сусветныя хіты ёсць, а ёсць “Песняры” ды “Синяя птица”.

Кавер-бэнд Domino, які часцей за ўсё супрацоўнічае з клубамі Robinson ды Coyote, звычайна граюць праграму з сусветных хітоў 1980-90-х гадоў. Рускамоўныя песні выконваюць толькі на вяселлях, бо на звычайных клубных выступах публіцы яны непатрэбныя. Асноўны хіт, які заўсёды ўспрымаецца “на ўра” ды замаўляецца слухачамі — “Every Breath You Take” аўтарства Стынга.

“Часцей за ўсё просяць выканаць “Ляпісаў”, але мы, на жаль ці на шчасце, гэтага не робім, — дзеліцца назіраннямі за Doodah King Bar лідар мясцовага кавер-бэнда “Doodah KingsВадзім Касалапаў. — На другім месцы па замовах “Smells like Teen Spirit” гурта Nirvana. Астатняе прыкладна ў роўных прапорцыях. Але стылістыка замоваў залежыць ад таго, што “намалілі” кавер-бэнды. Калі яны граюць англамоўную музыку ды выбіраюць тэмы пацяжэй, то гэтая стылістыка і будзе прыярытэтнай. Калі нехта пачынае дадаваць “Чайф” і падобнае, то адпаведна і публіка паступова змяняецца. Яна крыху “быдлее”.

Пераможцы беларускага фіналу Global Battle of the Bands гурт Inomarki грае пераважна ў TNT Rock Club ды рэстарацыі “Тусэ”. У TNT музыкі мяшаюць сусветныя каверы з аўтарскімі трэкамі. Замовы тут рэдкасць. Праўда, аднойчы прысутныя вельмі настойвалі на “30 лет” гурта “Сектор газа”... безвынікова.

Наведвальнікам “ТусэInomarki адразу прапануюць спіс песень. Але праграма з хітоў “рускага року” задавальняе не ўсіх:

Белый лебедь на пруду” замаўляюць вельмі часта, але мы яе прынцыпова не выконваем, — распавядае лідар гурта Зміцер Шампанаў. — Шансон увогуле часта замаўляюць. З таго, што часта даводзіцца выконваць па замове: “Самый лучший день Грыгорыя Лепса ды, як не дзіўна, “Медведица” “Мумий тролля”.

Ці не самы папулярны ды раскручаны кавер-бэнд “Минское море” выступае ў больш папсовым па ўсіх параметрах кабаку. Рэстаран “Госці” першапачаткова робіць стаўку на рускамоўную музыку, адпаведныя і замовы наведвальнікаў.

“Самыя хітовыя — “Земля в иллюминаторе” ды “Летящей походкой” ці “Мечты сбываютсяЮрыя Антонава, — Кажа басіст гурта Алесь Мышкевіч. — Замежныя ж песні замаўляюць вельмі рэдка. Калі гэта здараецца, то звычайна нешта павольнае кшталту “Hotel California” гурта Eagles”.

Наперадзе вельмі важная жыццёвая падзея, якую трэба запамінальна адзначыць? 40 хвілін жывога гуку паводле кавер-замоваў застануцца ў вашай памяці надоўга!

Плэй-ліст з самых папулярных замоваў кавер-бэндам:

1. “Самый лучший день” — Грыгорый Лепс

2. “Every Breath You Take” — Sting

3. “Белый лебедь на пруду” — “Лесоповал”

4. “Baila” — Zucchero

5. “Летящей походкой” — Юры Антонаў

6. “Медведица” — “Мумий тролль”.

7. “Рюмка водки на столе” — Грыгорый Лепс

8. “Smells like Teen Spirit” — Nirvana

9. “Земля в иллюминаторе” — “Земляне”

10. “Hotel California” — Eagles

11. “Мечты сбываются” — Юры Антонаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі