Частка амбасадараў ЕС з'едзе з Беларусі з салідарнасці з Польшчай і Літвой
Частка амбасадараў краін ЕС, акрэдытаваных у Беларусі, будуць адкліканыя для кансультацыяў. Яны зробяць гэта на знак салідарнасці з амбасадарамі Літвы і Польшчы.
"У згодзе з Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў і краінамі — чальцамі ЕС мы вырашылі адклікаць для кансультацый частку паслоў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь", — напісаў у Твітары міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў. Ён падзякаваў Еўрасаюзу за салідарнасць з Польшчай і Літвой.
Таксама кіраўнік польскай дыпламатыі падкрэсліў, што "прыярытэтам застаецца падтрымка беларусаў і іх імкнення да дэмакратызацыі краіны".
Якія менавіта амбасадары і калі будуць адкліканыя, не ўдакладняецца.
2 кастрычніка МЗС Беларусі адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў з Польшчы і Літвы і прапанаваў гэтым краінам зрабіць тое самае. Таксама гэтым амбасадам было прапанавана скараціць свой дыпламатычны штат. Палітыка Літвы і Польшчы адносна афіцыйнага Мінску была названая недружалюбнай.
5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў, што амбасадара гэтай краіны адклікаюць для кансультацый. Ён дадаў, што рашэнне прыняў, параіўшыся з Варшавай і Бруселем. Міністр замежных спраў Літвы выказаў надзею, што патрабаванне пра скарачэнне колькасці дыпламатычных работнікаў удасца змякчыць.
1/2 W porozumieniu z @eu_eeas i p. cz. podjęliśmy decyzję o odwołaniu na konsultacje części ambasadorów akredytowanych w Republice Białorusi. Dziękuję za solidarność wyrażoną z PL i LT przez partnerów z UE. Priorytetem pozostaje wsparcie dla Białorusinów
— Zbigniew Rau (@RauZbigniew) October 5, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.