Чатыры следчыя шукалі скрадзены ровар і не знайшлі
Ці магчыма уратаваць свой ровар ад крадзяжу? Ахвяры наракаюць на бяздзеянне міліцыі, міліцыя – на легкадумства ўладальнікаў ровараў.
“Прыехала пара міліцыянтаў, мінімальна апыталі каго ўбачылі. Завялі справу. Спачатку адзін следчы займаўся. Потым другі, трэці, чацвёрты…”, — распавядае мінчанка Кацярына пра тое, як міліцыя шукала скрадзены год таму ровар яе мужа.
Ровар не знайшлі, а што стала з заведзенай справай — невядома. Па іроніі, пра крадзяжы ровараў у Мінску Кацярына ведае даволі шмат. Калі працавала педагогам, даводзілася сутыкацца з малалетнімі злачынцамі, якія спецыялізуюцца акурат на крадзяжы двухколавых машын. Гаворыць, што схема добра распрацаваная.
“Калі дапытваюць непаўналетніх, то абавязкова прысутнічае педагог. І я некалькі разоў ездзіла на такія выклікі. Аказалася, што бізнэс гэты квітнее. Хлопчыкі да 14 ходзяць па дварах і пад’ездах, шукаюць ровары. Потым тэлефануюць старэйшым, якія прыязджаюць з інструментамі і прадаюць гэтыя ровары долараў па 30”.
Знайсці самастойна свой скрадзены ровар сярод соцень іншых, якія штодня выязджаюць на вуліцы Мінска, амаль нерэальна. Адзінае, што можа дапамагчы — нумар рамы. Яго звычайна можна ўбачыць ў раёне педаляў — дробныя лічбы ў цяжкадаступным месцы. Іх варта перапісаць, каб потым было што паказваць міліцыі.
Старшыня Мінскага роварнага таварыства Яўген Харужы расказвае, што крадуць ровары з пляцовак ля універсітэтаў, з пад’ездаў і нават з-пад камер відэаназірання. Дапамагчы захаваць сваю маёмасць можа толькі надзейны замок.
“Трэба перадусім карыстацца больш надзейнымі замкамі. Тыя, якія прадаюцца цяпер у нашых крамах, гэта, часцей за ўсё, тонкія тросы, якія лёгка перакусваюцца. Альбо нават рвуцца”.
Што праўда, у Беларусі куды больш папулярныя тонкія тросы. Каштуюць танней (так званы U-lock каштуе да ста еўра), і значна больш зручныя. Аднак бывалыя раварысты вам скажуць — спадзявацца нават на самы надзейны замок таксама не выпадае. Поўнасцю ад крадзяжу уратуе хіба што ўдача.
Яшчэ адно пытанне — навошта крадуць ровары? Няўжо каб паляпшаць сваё здароўе і актыўна бавіць час? Яўген Харужы расказвае, што скрадзеныя ровары пакідаюць сабе альбо перапрадаюць. Нават ходзяць чуткі, што існуе цэлая “роваравая мафія”.
“Рознае можа быць. Ходзяць чуткі, што ёсць перакупшчыкі, якія пазней вывозяць скрадзеныя ровары з Мінска, і іх немагчыма знайсці”
Статыстыкі па крадзяжах ровараў сёлета ў Мінску пакуль няма. У ГУУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё расказалі толькі пра “лічаныя выпадкі”, зарэгістраваныя вясной. У першым паўгоддзі мінулага года ў Мінску скралі 226 ровараў (знайшлося толькі 40). У 2011 годзе за той жа перыяд — 152.
Прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі кажа, што ў велакрадзяжах збольшага вінаватая легкадумнасць ўладальнікаў ровараў.
“Праблема крадзяжоў ровараў — не самая страшная для Мінска. Але, насамрэч, бываюць ровары коштам 3-5 мільёнаў рублёў. Дзіўна, што людзі да іх так лёгка ставяцца”.
Сталічныя ўлады, з аднаго боку, актыўна заклікаюць карыстацца роварамі на вуліцах Мінска, а з іншага — раяць не пакідаць іх без нагляду. Невядома толькі, што ў выніку рабіць з роварам, які давёз на працу альбо вучобу. У кішэні з сабой яго дакладна не забярэш.