Чым расійскія парламенцкія выбары падобныя да беларускіх?

Чым расійскія парламенцкія выбары падобныя да беларускіх?

Праз тыдзень пасля беларускіх прайшлі парламенцкія выбары ў Расіі. Пра беларускія выбары мы пісалі шмат, а цяпер хацелася б параўнаць іх з расійскімі. Якія галоўныя прэтэнзіі да беларускіх выбараў? Пералічым па пунктах і параўнаем з выбарамі ва ўсходняй суседцы.

1. Яўка выбаршчыкаў. У Беларусі парог яўкі існуе ― 50% плюс адзін голас, каб выбары адбыліся. Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць, што на значнай колькасці акруг патрэбнай яўкі не было. У Расіі парог яўкі адменены, але без “накруткі” ўсё адно не абыходзіцца, сцвярджае Барыс Рэзнік, дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі.

“І ў вас, напэўна, і ў нас, дакладна, людзі галасуюць нагамі. Да прыкладу, у нас на Дальнім усходзе ў Хабараўскім краі на выбарах у 2011 годзе яўка была 53%, а сёлета напрыканцы галасавання было 32%, але, відаць, дацягнулі амаль да 37%. Але мне не верыцца, што ў апошнюю гадзіну звыш 4% людзей прыйшлі прагаласаваць”.

Барыс Рэзнік абіраўся дэпутатам Дзярждумы чатыры разы, першы раз ― менавіта ў Хабараўскім краі. Таму ведае, пра што кажа.

2. “Накрутка” яўкі ― гэта, безумоўна, таксама фальсіфікацыі. Але большымі парушэннямі з’яўляюцца “каруселі” ды “ўкіды” бюлетэняў за патрэбнага кандыдата. “Каруселі” ў Беларусі немагчымыя, але пра “ўкіды” назіральнікі кажуць пастаянна. Лагічна меркаваць: калі дэмакратычныя ці апазіцыйныя кандыдаты гэтым разам у Дзярждуму не трапілі, то без фальсіфікацый на расійскіх выбарах не абышлося?

“Узначаліла Эла Панфілава Цэнтрвыбаркам, а гэта чалавек з вельмі добрай рэпутацыяй. Вядома, адвучыць ад навыкаў і звычак наш так званы “выбарчы актыў”. Яны добра засвоілі навуку “ўкідаў”, “каруселяў”, розных іншых метадаў ганебных, але гэтым разам, відаць, нешта іх стрымлівала. Разумееце, усё залежыць ад палітычнай кан’юнктуры і ад выканаўчай улады: якія яна ставіць задачы ― як у вас, так і ў нас”.

3. Чаму ў такім разе, калі фальсіфікацый і парушэнняў было менш у параўнанні з выбарамі мінулымі, у Дзярждуму не патрапіла ніводнага апазіцыянера? Бо ў расійскім парламенце папярэдняга склікання хаця б быў дэмакрат Дзмітрый Гудкоў?

“Хоць яны і называюць сябе дэмакратамі, але паміж імі ўзнікае вялікая колькасць канфліктных сітуацый. І канфлікты гэтыя значна больш вострыя, чым з палітычнымі нібыта праціўнікамі. І замест таго, каб аб’ядноўвацца, вызначыць нейкую галоўную мэту, да чаго яны імкнуцца, выбраць нейкіх харызматычных людзей, якія неяк сябе ў гэтым жыцці ўжо зацвердзілі… Не адбываецца гэтага!”

Ой! А гэта праўда мой суразмоўца расказвае пра расійскую апазіцыю? Бо нешта да болю знаёмае нагадвае мне гэтае апісанне…

“Ну, вось бачыце, мы шмат у чым сапраўдныя сваякі!” ― смяецца дэпутат Дзярждумы.

І называе галоўную памылку паражэння на выбарах “Яблока”: не трэба было публічна казаць пра тое, што Крым трэба вяртаць Украіне. Ну, не ў сённяшняй Расіі з такімі лозунгамі ісці на выбары!

Нехта скажа, што ў нас розныя выбарчыя сістэмы: у Беларусі мажарытарная з аднамандатнымі акругамі, а ў Расіі ― змяшаная, дзе ёсць і “аднамандатнікі”, і партыйная спісы. Барыс Рэзнік, які абіраўся і па аднамандатных акругах і па спісах “Адзінай Расіі” кажа, што часам “аднамандатнікі” ў парламенце сапраўды адстойваюць інтарэсы выбаршчыкаў ці сваю палітычную пазіцыю, а “спісачнікі” галасуюць таму, што так партыя загадала”.

Такія вось адрозненні і падабенствы беларускіх і расійскіх выбараў. Розніца яшчэ ў тым, што ў Дзярждуме папярэдняга склікання быў як мінімум адзін апазіцыянер, а ў нашым ― ніводнага, а цяпер усё наадварот. Толькі што яны там могуць зрабіць? “Як у той казцы: крыкнуць пры патрэбе: “А кароль голы!”, каб усе гэта заўважылі!” ― адказвае расійскі дэпутат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі