"Чырвоныя" зоны ў гомельскіх паліклініках будуць працаваць і на выходных
Прымаць пацыентаў з COVID у гомельскіх паліклініках будуць і на выходных / belkagomel.by
Праз усплёск захворванняў на ВРВІ і каранавірус гомельскія паліклінікі карэктуюць рэжым працы. "Чырвоныя" зоны, якія прымаюць пацыентаў з COVID, з 5 лютага будуць працаваць без выходных, паведамляе гарадскі партал belkagomel.by са спасылкай на намесніка галоўнага ўрача Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Сяргея Аксёнава.
У нядзелю можна будзе і зрабіць тэст, і выклікаць доктара на дом.
Графік працы будзе выглядаць так: па суботах дактары будуць прымаць пацыентаў у "чырвонай" зоне з 8 да 18 гадзін, па нядзелях — з 8 да 15 гадзін. Пакуль ідзе прыём, можна будзе здаць аналізы. Выклікаць локтара можна будзе па суботах з 8 да 14, па нядзелях — з 8 да 10 гадзін.
"Як доўга паліклінікі будуць працаваць у такім рэжыме, залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі і запатрабаванасці прыёмаў у выходныя дні", — адзначыў Сяргей Аксёнаў.
У Беларусі апошнім часам рэзка расце захворвальнасць на ВРВІ і каронавірус. У Мінску ў панядзелак да паліклінік выстраіліся вялізныя чэргі. Міністэрства аховы здароўя на фоне вялікай нагрузкі на дактароў прыняла рашэнне дазволіць медыкам ставіць дыягназ COVID без пацвярджэння тэстамі. Напярэдадні стала вядома, што ў Бабруйску за тыдзень колькасць хворых COVID-19 вырасла ўдвая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.