Чытачы: беларускіх мужчын не пускаюць ва Украіну
Адзескі аэрапорт / liga.net
Чытачы Еўрарадыё паведамляюць, што беларускіх мужчын, акрамя тых, хто мае від на жыхарства, не пускаюць ва Украіну. У сеціве таксама шмат падобных гісторый.
"Украінскія памежнікі не пусцілі мяне сёння ў краіну, таму што ў мяне турыстычнага ваўчара няма з праграмай майго адпачынку ў Адзесе. А без ваўчара і адпачынку быць не можа, як вядома", — піша адзін з заснавальнікаў перформанс-прасторы "Другі паверх" Аляксандр Каралевіч, які ляцеў у адпачынак разам з жонкай. Жонка засталася адпачываць адна.
Вось яшчэ гісторыя:
"Мяне не пусцілі ва Украіну, як яшчэ 4 чалавек з рэйса. На руках быў арыгінал працоўнай дамовы з украінскай кампаніяй. Паказваў дазвол на працу, камандзіроўку ў РБ. Мяжу зачынілі. Усе мужчыны прызыўнога ўзросту, грамадзяне РБ і РФ без віду на жыхарства ці якіх больш важкіх падстаў, чым афіцыйнае працаўладкаванне, адпраўляюцца назад", — піша яшчэ адзін карыстальнік сацсетак.
Вось што распавёў парталу Onliner.by Аляксандр, які вымушаны быў ляцець назад у Мінск з Адзесы і прайшоў допыт у аэрапорце.
"Афіцыйна гэта была адна размова, якая запісвалася на камеру. Неафіцыйна — іншая. У ёй супрацоўнікі памежнай службы паведамілі, што ёсць распараджэнне кіраўніцтва краіны не пускаць без падставы. У сувязі з чым? Я так зразумеў, што ў сувязі з чуткамі аб перамяшчэнні расійскіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай. Магчыма, гаворка ідзе і аб участках беларуска-ўкраінскай мяжы.
Спытаў, калі ўсё гэта скончыцца. Спачатку сказалі, што не ведаюць. Потым ўдакладнілі, што трэба пачакаць тыдні два, "можа, ўсё супакоіцца"".
Па словах мужчыны, пашпарты ім вярнулі ўжо ў Мінску беларускія памежнікі, разам з паведамленнем аб неабходнасці самаізаляцыі.
30 сакавіка газета The New York Times напісала пра скапленне ля мяжы з Украінай каля 4 тысяч вайскоўцаў РФ. 23 сакавіка Расія не вывела войскі пасля вучэнняў. Акрамя таго ў сацсетках пачалі з'яўляцца паведамленні, што Расія перакідвае дадатковыя войскі ў Бранскую, Варонежскую і Растоўскую вобласці, а таксама ў анэксавны Крым.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія перамяшчае узброеныя сілы "ў межах сваёй тэрыторыі па сваім меркаванні" і што "гэта не павінна нікога турбаваць", бо не ўяўляе ніякай пагрозы. Эксперты ж лічаць, што дзеянні Расіі носяць дэманстратыўны характар і не выключаюць рэальных ваенных дзеянняў.
Паводле інфармацыі галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны Руслана Хомчака, сумарна ўздоўж ўкраінскай дзяржаўнай мяжы і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны змяшчаецца 28 батальёнаў тактычных груп з Расіі. І, паводле дадзеных выведкі, у межах падрыхтоўкі да вучэнняў "Захад-2021" Расія плануе перакінуць да межаў Украіны яшчэ 25 дадатковых батальёнаў тактычных груп, што, "разам з наяўнымі разгорнутымі сіламі і сродкамі паблізу дзяржаўнай мяжы Украіны стварае пагрозы ваеннай бяспекі дзяржавы" , піша Deutsche Welle.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.