Ці можа Мінск дапамагчы Бруселю і Маскве спыніць забойствы ў Кіеве?

Дырэктар цэнтра палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімір Фясенка ўпэўнены: выйсця з “украінскага канфлікту”, які б зараз задаволіў усе бакі, не існуе ў прыродзе. Можна толькі не дапусціць яго разрастання.



Уладзімір Фясенка: “У прынцыпе, алгарытм дзеянняў зразумелы — рэалізаваць яго будзе вельмі складана зараз. Гэта — перамір’е. Гарантамі павінны выступіць міжнародныя пасярэднікі. А з улікам таго, што Расія падтрымлівае Януковіча, у ролі пасярэднікаў павінны выступаць і расіяне. Тут неабходная шматбаковая пасярэдніцкая місія”.

                                              Уладзімір Фясенка



А калі сутычкі будуць спыненыя, неабходна тэрмінова “прымаць палітычныя рашэнні, якія б разрадзілі сітуацыю”. Гэта тычыцца найперш вяртання да Канстытуцыі 2004 года.



Калегу падтрымлівае старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі, сябра Гуманітарнага савета пры прэзідэнце Украіны Косць Бандарэнка. Паводле яго слоў, сёння мірны дыялог паміж уладамі і пратэстоўцамі немагчымы. Хаця б таму, што сярод апошніх ёсць група радыкалаў, якія не жадаюць ні пра што дамаўляцца з рэжымам Януковіча.



Косць Бандарэнка: “Я вельмі спадзяваўся, што Украіна прадэманструе здольнасць мабілізаваць уласныя рэсурсы для перамоўнага працэсу — царква, грамадскія дзеячы ды іншыя структуры маглі б выступіць пасярэднікамі. Але я бачу, што час для такога ўнутранага пасярэдніцтва, унутранага арбітражу прайшло”.



Зараз дабіцца перамір’я можа альбо шырокая міжнародная місія пасярэднікаў, альбо…



Косць Бандарэнка: “Альбо неабходна ўводзіць тады нейкіх “міратворцаў”. Толькі не зразумела: хто можа ўвесці гэтых міратворцаў? Міратворчая місія — дастаткова складаная працэдура. І даць санкцыю на яе павінна ААН, а гэта вельмі складана”.

                  Косць Бандарэнка



20 лютага ў Кіеў прыляцелі міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі і Польшчы. Але яны прыляцелі з надзеяй “спыніць эскалацыю канфлікту” — пра міжнародную місію міратворцаў размовы пакуль няма.



Косць Бандарэнка: “19 лютага прайшлі тэлефонныя перамовы паміж Уладзімірам Пуціным і Ангелай Меркель, якія былі прысвечаныя, у тым ліку, і сітуацыі ва Украіне. Але пакуль, зыходзячы з афіцыйных паведамленняў, размова пра стварэнне такой камісіі не ішла”.



Можа, дапамагчы Бруселю і Маскве стварыць такую камісію здолеў бы Аляксандр Лукашэнка — стаў бы пасярэднікам для пасярэднікаў? Уладзімір Фясенка ўсур’ёз такую магчымасць не разглядае.



Уладзімір Фясенка: “Што, Лукашэнка прымальная фігура для Еўрасаюза? Гэта проста несур’ёзна! Ён не прымальны для ЕС па розных прычынах. І тут мала было б, да прыкладу, яму вызваліць усіх палітвязняў”.



Іншае меркавання на гэты конт мае Косць Бандарэнка.



Косць Бандарэнка: “У любым выпадку, ён з’яўляецца суб’ектам міжнароднай палітыкі. І пасярэдніцкая місія Аляксандра Рыгоравіча магла б быць дастаткова карыснай у дадзенай сітуацыі. Яго ініцыятывы маглі б садзейнічаць не толькі стабілізацыі сітуацыі ва Украіне, але і ўзняццю аўтарытэту Беларусі ў свеце”.



Не павінна Беларусь заставацца ўбаку ад спроб паўплываць на сітуацыю ва Украіне хаця б таму, што грамадзянская вайна ля беларускай мяжы Мінску не патрэбная, упэўнены суразмоўцы Еўрарадыё.



Толькі адказаць на пытанне, колькі часу спатрэбіцца Бруселю і Маскве, а можа і Вашынгтону з Мінскам на стварэнне міжнароднай міратворчай місіі, суразмоўцы Еўрарадыё не здолелі. Адно, звяртаюць увагу на тое, што канфлікт становіцца ўсё больш шырокім і крывавым, а сітуацыя мяняецца кожны дзень і кожную гадзіну.

Фота: news.bigmir.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі