Ці варта рызыкаваць жыццём, баронячы ўласнасць працадаўцы

Ці варта рызыкаваць жыццём, баронячы ўласнасць працадаўцы

У пятніцу 23 верасня ў адным з мінскіх ламбардаў адбываецца незвычайная сітуацыя. У памяшканне ўваходзіць мужчына ў масцы і з пісталетам. Настаўляе яго на маладую супрацоўніцу і просіць аддаць яму ўсе грошы. Дзяўчына нечакана адмаўляецца, настойліва просіць рабаўніка сысці, а ў нейкі момант нават спрабуе выхапіць пісталет. Прысаромлены злодзей уцякае, яго шукае міліцыя.

Усё гэта магло б застацца таямніцай ламбарда, але відэазапіс няўдалага злачынства трапляе ў інтэрнэт і за некалькі гадзінаў становіцца хітом. Адны захапляюцца дзявочай мужнасцю, іншыя папракаюць адсутнасцю розуму. Сама дзяўчына тлумачыць сваю рэакцыю шокавым станам. У іншым сталічным ламбардзе Еўрарадыё гавораць, што менавіта таму... не бяруць на працу жанчын.

"Яна паводзілася па-жаночы шокава. Таму, напрыклад, у нашым ламбардзе жанчыны ў прынцыпе не працуюць. Мы думалі аб гэтым, і ў нас цяпер сядзяць выключна мужчыны. Не важна, будзе яму дваццаць гадоў альбо дваццаць два. Проста псіхалагічна гэта іншы тып рэакцыі", ― кажуць у "Сапраўдным ламбардзе".

Рашэнне спрэчнае і радыкальнае. У "Беларусбанку", дзе з вялікімі сумамі грошай працуе шмат жанчын і дзяўчат, кіруюцца спецыяльным алгарытмам дзеянняў для небяспечнай сітуацыі.

"Ёсць трывожная кнопка, ёсць выклік міліцыі, унутраная служба бяспекі. Але, вядома, на першым месцы заўсёды абарона ўласнага жыцця. Таму што гэта даражэй за грошы", ― расказваюць у прэс-службе банка.

Таму дзеянні супрацоўніцы ламбарда, якая самастойна бараніла ўласнасць і грошы працадаўцы, у банку называюць непрадуманымі і небяспечнымі. У першую чаргу, для самой дзяўчыны.

Як расказваюць Еўрарадыё ў "Альфа-банку", усе беларускія банкі працуюць, кіруючыся інструкцыямі Нацбанка, якія рэгулююць арганізацыю працоўнага месца для касіраў. Таму такіх сітуацый, у якую трапіла супрацоўніца ламбарда, узнікнуць проста не можа.

"Ёсць пэўныя патрабаванні да арганізацыі касавага вузла. Яны кардынальным чынам адрозніваюцца ад таго, што магчыма ў ламбардах. Гэта куленепрабівальнае шкло. Пэўных уласцівасцяў і з пэўнай маркіроўкай, пэўнай вышыні", ― расказваюць у прэс-службе банка.

У дадатак да куленепрабівальнага шкла кожны касір павінен націснуць на так званую "трывожную кнопку" як толькі пабачыць, што сітуацыя становіцца небяспечнай. Пры гэтым зусім няважна, сапраўдны пісталет настаўлены на касіра, альбо толькі муляж.

Дарэчы, трывожная кнопка ўсё ж спрацоўвае не заўсёды. Адважная дзяўчына з ламбарда націснула на яе адразу пасля ўварвання рабаўніка. Аднак яму ўсё адно ўдалося прабыць некалькі хвілін у памяшканні, а потым уцячы. Затрымаць злачынцу на месцы міліцыя не паспела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі