Што за машыны праязджалі да Дароў вешчуноў у абыход чаргі? (Відэа)
Еўрарадыё разбіралася, хто з людзей чакаў пакланення святыні шмат гадзін на марозе , а хто трапляў у мінскі Дом міласэрнасці праз задні праезд.
Пакланенне Дарам вешчуноў у Мінску паказала прыемны хрысціянскі бок беларусаў. Колькасць паломнікаў пераваліла за паўмільёна чалавек. Нават на 16-градусным марозе, на пранізлівым ветры людзі выстойваюць у чарзе па восем гадзін і нават больш. Ні холад, ні іншыя цяжкасці не спыняюць паломнікаў, сярод якіх шмат пенсіянераў, слабых людзей і нават дзяўчат у спадніцах…
Не скажаш, што чарга на пакланенне арганізавана дрэнна. Паставілі нават некалькі аўтобусаў, дзе людзі так-сяк адаграваюцца пасля стаяння на шалёным марозе.
А стаяць даводзілася часам па восем гадзін.
“А адна жанчына расказвала, што столькі прабыла ў чарзе і не трапіла да дароў, ― раілі хлопчыкі-валанцёры з БРСМ. ― А каб прайсці чаргу хутка, кажуць, трэба прыйсці ў 6.00. І тады прастаіце паўтары гадзіны”.
Хоць нават ранні прыход у чаргу не гарантаваў лёгкага паходу да святыні.
“Я прыйшла ў 6.30, а пакланілася толькі а палове на 12-ю”, ― падзялілася досведам адна з задаволеных паломніц, якая вось-вось выйшла з Дома міласэрнасці.
***
Хоць не ўсе людзі доўга стаялі ў чарзе. На міліцэйскім блок-посце з боку метро прапускалі цяжарных, інвалідаў і паломнікаў, што прыязджалі з іншых гарадоў.
А з вуліцы Францыска Скарыны (іншы бок Дома міласэрнасці) стаіць пост ДАІ, які прапускае толькі абраныя аўтамабілі. Кожны з іх спецназаўцы правяраюць на наяўнасць выбуховых прыладаў. І прапускаюць на тэрыторыю.
Аднак на блок-посце не пускаюць нават машыны з інвалідамі першай групы, якія трапілі ў спецыяльныя спісы. Транспарт паркуюць на вуліцы Францыска Скарыны.
Каго ж праз гэты блок-пост прапускаюць? На некаторых машынах ёсць пропуск “Дары вешчуноў”, а на некаторых ― няма.
У Маскве і Санкт-Пецярбургу, калі святыні пакланяліся там, такія падазроныя аўто ахрысцілі “блатнымі”. У інтэрнэце іх наяўнасць выклікала крытыку.
“Хто ж тут заязджае?” ― цікавімся ў інспектара ДАІ, які абслугоўвае блок-пост.
“Той, хто жыве тут, той, хто едзе на Volvo-сэрвіс, і тыя, хто працуюць. Гэта ― службовы ўваход”, ― патлумачыў інспектар.
Такія машыны заязджаюць тут кожную хвіліну. Усе аўтамабілі, якія мы бачылі, кіраваліся на тэрыторыю Дома міласэрнасці, дзе няма жылога кварталу. Таму варыянт з мясцовымі жыхарамі можна адкінуць.
Аўтамабілі Volvo сапраўды маглі ехаць на СТА. Такі бізнесок на тэрыторыі Дома міласэрнасці маецца.
Ну а тое, што ў храме працуе так шмат абслуговага персаналу, верыцца з нацягам. Тым больш што прыстойныя іншамаркі рэгулярна выязджаюць з брамы службовага ўваходу. Ну не можа ж быць такой інтэнсіўнай цякучкі кадраў! Кадраў, апранутых у дарагія шубы і на дарагіх машынах.
У той жа час абурацца на рознага кшталту блатных паломнікаў, калі такія ёсць, не варта. Падчас любога мерапрыемства, дзе ёсць вялікая чарга, ёсць і “блатныя”, што ў чарзе з простымі людзьмі не стаяць.
Але святары папярэджваюць, што Боскую ласку атрымлівае той вернік, які самааддана, з адкрытым сэрцам стаіць у чарзе. А блатны паломнік, які трапляе да святыні з чорнага ўвахода, усё адно не адчуе анёльскага хараства, бо такі шлях да святыні можна параўнаць з паходам у мастацкі музей.