Ціханоўская расказала, калі палітуцекачы вернуцца ў Беларусь
Па некаторых ацэнках, з 2020-га за мяжу выехалі сотні тысяч беларусаў / delfi.lt
Святлана Ціханоўская пракаментавала масавыя затрыманні ў Беларусі і працу так званай камісіі "па вяртанні на радзіму", якую стварыў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. "Зараз да сваякоў беларусаў, якія пераехалі ў іншыя краіны дзеля ўласнай бяспекі, сталі прыходзіць прадстаўнікі рэжыму і ўгаворваць людзей паўплываць на сваіх родных і папрасіць іх вярнуцца дадому, — піша кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. — Але рэжыму не патрэбныя людзі. Яму патрэбныя падаткаплацельшчыкі, якія будуць пакорліва ўтрымліваць чыноўнікаў, сілавікоў і ўвесь вялізны рэпрэсіўны апарат. А самі людзі — з іх думкамі, марамі, прапановамі, спробамі палепшыць жыццё ў краіне — не, не патрэбныя".
Ціханоўская заклікае беларусаў-палітуцекачоў не давяраць прапагандзе Лукашэнкі, размаўляць з роднымі і блізкімі, расказваць ім праўду пра тое, што адбываецца. "А дадому мы ўсе абавязкова вернемся, але толькі тады, калі спыняцца рэпрэсіі і запануе сапраўдны, справядлівы закон", — падкрэслівае палітык.
Згаданая камісія пачала працу ў пачатку 2023 года. За гэты час у яе звярнулася крыху больш за два дзясяткі чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.