У камісію па вяртанні за месяц звярнуліся 23 чалавекі
Аляксей Стук / прэс-служба Генпракуратуры
У камісію па вяртанні палітуцекачоў за месяц яе працы звярнуліся 23 чалавекі, расказаў намеснік генпракурора Аляксей Стук у інтэрв'ю на тэлеканале СТБ.
"Знаходзяцца на разглядзе 23 заявы. Адразу скажу, што большасць заяў не адпавядае тым крытэрам, якія прапісаныя ва ўказе, тым напрамкам, звесткам, якія пазначаныя, каб яны былі прадстаўленыя", — удакладніў Стук. Ён дадаў, што пры неадпаведнасці крытэрам камісія прапануе аўтарам зваротаў прадаставіць адсутныя звесткі і дакументы.
Намеснік генпракурора паведаміў, што камісія па вяртанні яшчэ не збіралася для абмеркавання зваротаў, бо "не напрацаваны матэрыял, неабходны для абмеркавання той ці іншай заявы, звароту ад той ці іншай кандыдатуры, якая яго напісала".
Таксама Стук звярнуў увагу, што зварот у камісію не азначае, што чалавек атрымае дараванне. Па яго словах, "не ідзе гаворка, што для ўсіх грамадзян, якія знаходзяцца там, якія звернуцца, наступіць для іх эра ўсеагульнай міласэрнасці".
Як распавядала Еўрарадыё, камісія па вяртанні пачала працу месяц таму. 6 сакавіка Генпракуратура запусціла адмысловы сайт, праз які можна звярнуцца ў гэтую камісію. Палітуцекачы павінны самі растлумачыць, чаму асцерагаюцца вярнуцца. Таксама ад іх чакаюць, што яны пакаюцца, прынясуць публічныя прабачэнні і кампенсуюць "прычыненую шкоду".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.