ЦВК: На парламенцкія выбары ідзе 630 чалавек — болей, чым у 2012 годзе
Дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падалі 630 чалавек — гэта на 139 чалавек болей, чым на выбарах у парламент у 2012 годзе. Пра гэта 3 жніўня паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна заявіла, што такая лічба яе парадавала, бо так “выбарчая кампанія будзе больш жвавай і цікавай, што павялічыць яўку выбаршчыкаў на галасаванне”.
Пры гэтым Ярмошына нагадала, што рэгістрацыю ў якасці кандыдата атрымаюць не ўсе прэтэндэнты, бо ў паданых дакументах ёсць памылкі. Напрыклад, старшыня ЦВК прыгадала кур’ёзны выпадак, калі “адзін прэтэндэнт так чысціў подпісы, што ў выніку было пададзена 999 подпісаў, а не неабходная адна тысяча”.
Таксама Ярмошыня заявіла, што падчас агітацыі можа адбывацца “усё што заўгодна, калі гэта не перашкаджае выбаршчыку”. “Я — за песні і скокі, калі яны адбываюцца ў месцах, вызначаных для агітацыі і без абразаў іншых кандыдатаў”, — цытуе Ярмошыну БелаПАН.
Яна нагадала пра пікет намесніка старшыні руху “За Свабоду” Алеся Лагвінца, падчас якога з канцэртам выступіў вядомы рок-музыка Лявон Вольскі. На думку Ярмошынай, на гэтым пікеце гучалі абразы на адрас іншых прэтэндэнтаў, напрыклад, камуністаў.
Падача дакументаў на рэгістрацыю завяршылася 1 жніўня. Цяпер ідзе рэгістрацыі, якая працягнецца да 11 жніўня ўключна. Парламенцкія выбары пройдуць 11 верасня.