ЦВК не будзе публікаваць спісы выбарчых камісій — Карпенка
На ўчастку для галасавання / архіўнае фота grodnonews.by
Спісы чальцоў выбарчых камісій падчас будучай кампаніі публікаваць не будуць, папярэдзіў кіраўнік ЦВК Беларусі Ігар Карпенка. Яго словы прыводзіць расійскі рэсурс "Спутник". Паводле Карпенкі, у камісіях розных узроўняў сядзіць "блізу 70 тысяч актывістаў". Раней інфармацыя пра склад камісій — ад участковых да абласных і Мінскай гарадской — заўсёды была даступная. Гэтага патрабаваў закон. Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і незадаволенасці людзей гэтым махлярствам закон у Беларусі змянілі. Карпенка сцвярджае, што гэта было зроблена з аглядкай на "абарону персанальных звестак".
Паводле яго, інфармацыя пра склад камісіі "станавілася глебай для арганізацыі рознага кшталту булінгу, пагроз і іншага". Больш "гэтага не будзе". На ўчастках можна будзе "ўбачыць людзей з бэйджыкамі, з прозвішчам і гэтак далей, але гэтае прозвішча патрэбнае для канкрэтнага ўчастка і канкрэтных сітуацый", кажа кіраўнік ЦВК. У прыватнасці, імя і прозвішча старшыні ўчастковай камісіі могуць паведаміць грамадзяніну, які мае намер абскардзіць рашэнне гэтай камісіі.
"Такую магчымасць дадуць. Але друкаваць спісы ў тым аб'ёме, якія потым за мяжой, як правіла, станавіліся аб'ектам вывучэння і веернай рассылкі праз інтэрнэт, і рознага кшталту тэлефонных званкоў, — гэтага не будзе", — заявіў Карпенка. Ён таксама паведаміў пра падрыхтоўку да адзінага дня галасавання, які запланаваны ў Беларусі 25 лютага 2024 года.
Адзначым, што ўжо падчас рэферэндуму 2022 года ЦВК засакрэціла інфармацыю пра сябраў выбарчых камісій. Хоць на той момант згодна з арт. 34 Выбарчага кодэкса РБ, імёны ўсіх сябраў выбарчых камісій мусілі быць апублікаваныя. Аднак, паводле прадстаўніка Цэнтрвыбаркама, было прынятае рашэнне "ў мэтах бяспекі сябраў выбарчых камісій" не публікаваць іх персанальныя звесткі". У ЦВК гэта тлумачылі тым, што сябрам камісій "паступалі пагрозы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.