Цяпер садавіну і каву ў зернях можна пакрываць воскам (дакументы)

У рыбу дадаваць полівінілавы спірт і не пісаць на жуйках, што яны могуць быць шкодныя для цяжарных жанчын Еўрарадыё разам з экспертамі вырашыла прааналізаваць змены і дапаўненні, якія ўнесла ў Санітарныя правілы і нормы Міністэрства аховы здароўя, а таксама разабрацца, якія з дазволеных у нашай краіне Е (харчовых дадаткаў) шкодныя для здароўя.
(Вялікія табліцы дазволеных і шкодных Е і Е для вегетарыянцаў глядзіце ніжэй)

Жуйкі
Еўрарадыё заўважыла, што на некаторых жуйках, напрыклад, на “Дзіроле”, пазначана: жуйка ўтрымлівае фенілаланін і не рэкамендуецца цяжарным жанчынам і жанчынам, якія кормяць. Але, напрыклад, на “Орбіце”, які таксама ўтрымлівае фенілаланін, такога папярэджання няма. То бок жанчына, якая да цяжарнасці ўжывала “Орбіт”, можа, не ведаючы, працягваць ужываць яго.

Як уплывае фенілаланін на цяжарнасць і чаму на некаторых прадуктах няма папярэджанняў? За каментаром Еўрарадыё звярнулася ў Рэспубліканскі навукова-прктычны цэнтр гігіены, да загадчыцы лабараторыі вывучэння статусу харчавання насельніцтва Ірыны Кедравай.
Спачатку спадарыня Ірына патлумачыла нам, якую шкоду можа нанесці фенілаланін дзіцяці, якога выношвае жанчына.

Ірына Кедрава: “У жавальных гумках часта выкарыстоўваюцца падсаладжальнікі, у тым ліку і сінтэтычны падсаладжальнік аспартам. У структуру аспартама ўваходзіць амінакіслата фенілаланін. Гэта незаменная амінакіслата, якая неабходна нашаму арганізму. Але ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія хворыя на фенілкетанурыю, то бок у іх парушаны абмен фенілаланіна. Фенілкетанурыя дыягнастуецца пры нараджэнні: збіраецца мача навароджанага дзіцяці, і па спецыфічным аналізе вызначаецца наяўнасць гэтай хваробы. Таму калі жанчына цяжарная, яшчэ невядома, а раптам у яе дзіцяці будзе гэтая хвароба? Калі будзе, то амінакіслата, якая паступае, можа негатыўна ўплываць”.

Атрымліваецца, што цяжарнай жанчыне нельга жаваць жуйкі з фенілаланінам, бо яна яшчэ не ведае, з якім здароўем народзіцца яе дзіця. Аднак мала хто з цяжарных ведае пра гэта! Напрыклад, Алена, якая чакае дзіця, упершыню пачула гэта ад нас.

Алена: “Добра, што вы сказалі! Бо я, шчыра кажучы, жую жуйкі, не звяртаючы ўвагі на іх склад. Тым больш, што ў рэкламе кажуць, што ад іх не будзе карыесу, і нічога не кажуць пра цяжарнасць”.

Ірына Кедрава распавяла Еўрарадыё, што згодна з афіцыйнымі нормамі на прадуктах, якія ўтрымліваюць фенілаланін не абавязкова пазначаць, што ён можа блага паўплываць на цяжарных.

Ірына Кедрава: “Згодна з Санпінам, які ў нас дзейнічае, “Гігіенічныя патрабаванні да якасці харчовых дадаткаў і іх прымянення” на ўпакоўцы прадукта, які ўтрымлівае аспартам, мусіць быць пазначана, што прадукт утрымлівае фенілаланін ці крыніцу фенілаланіна. А папярэджання, якім катэгорыям людзей гэта не рэкамендуецца, у нас не прадугледжана”.

Мы запыталіся ў Ірыны Кедравай яшчэ пра адзін складнік жуйкі – дадатак Е171, так званыя “тытанавыя бялілы”. Раней яны былі забароненыя, напрыклад, у Расіі, бо вызывалі захворванні печані і нырак. Але цяпер Е171 паўсюль дазволены.

Ірына Кедрава: “Е171 — гэта тытану дыяксід. Ён выкарыстоўваецца як паверхневы фарбавальнік. У нас да яго патрабаванні такія ж, як і ў міжнародных дакументах, у дырэктывах Еўразвязу. Гэты фарбавальнік дазволены да выкарыстання. Існуюць пэўныя галіны выкарыстання, дозы выкарыстання. Але забаронаў на выкарыстанне гэтага фарбавальніка ў харчовых прадуктах няма”.

Ёсць і адваротныя выпадкі. Напрыклад амарант, Е123, які дазволены ў Еўропе, забаронены ў Беларусі і ў шэрагу іншых краін. Ён вызывае парокі развіцця ў плода і нават садзейнічае ўзнікненню анкалагічных захворванняў.

Пастанова аб харчовых дадатках (26 сакавіка 2009 г.)
Пастанову аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Санітарныя правілы і нормы “Гігіенічныя патрабаванні да якасці і бяспекі харчовых дадаткаў і іх ужыванню” нам каментуе хімік Юлія Дарафеева.

У пастанове дзве асноўныя часткі: харчовыя дадаткі, якія цяпер забараняюцца, і новыя дадаткі, якія дазваляюцца.

Юлія Дарафеева:
“Пазіцыі, якія выключылі ці пакінулі без зменаў, больш шкодныя і хімічна небяспечныя. То бок выключылі акурат тое, што не вельмі добра ўплывала на фізіялагічныя працэсы ў арганізме чалавека. Гэта, напрыклад, бензойная смала (Е906), гліцырызін (Е958), уратрапін (Е239). Іх замянілі больш нейтральнымі рэчывамі. То бок у цэлым пазіцыя нашай краіны ў гэтым пытанні імкнецца да гарманізацыі з еўрапейскімі нормамі”.

Харчовыя дадаткі робяць прадукты таннейшымі і прыгажэйшымі. Таму адмовіцца ад дадаткаў, нават хімічных, дзяржава наўрад ці ў стане. Але, па словах хіміка, дадаткі становяцца ўсё больш бяспечнымі.

Юлія Дарафеева: “Палова з гэтага мае паўнейтральнае паходжанне, не чыста хімічнае, а нейкае мадыфікаванае натуральнае”.

Мы запыталіся ў Юліі, як яна ставіцца да таго, што кававае зерне, шакалад, арэхі, свежыя цытрусавыя, персікі, яблыкі і іншую садавіну будуць пакрываць воскам.

Юлія Дарафеева: “Апрацоўваюць даволі нейтральнымі спалучэннямі, якія не маюць смаку, паху і нават не разлагаюцца ў арганізме, а проста выводзяцца ў нязменным выглядзе. Гэтыя глазіравацелі і г.д. гэта даволі нейтральныя палімеры. У наш час, калі ад гэтага нельга адмовіцца, гэтыя рэчывы – найменшае з усіх зол”.

Што тычыцца полівінілавага спірту (Е1203), які цяпер будуць дадаваць у марожаную рыбу, каўбасу і сыр, то і тут Юлія Дарафеева застаецца спакойнай.

Юлія Дарафеева: “Полівінілавы спірт — гэта палімер. З гэтага палімеру робяць матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для ўкаранення ў арганізм чалавека. Напрыклад, з яго робяць штучныя сасуды і клапаны. То бок ён выкарыстоўваецца для мэтаў, якія могуць быць нашмат больш небяспечныя для арганізма чалавека. Таму што ўжо было даказана, што ён даволі нейтральны, ніяк не ўплывае, не “ўкліньваецца” ні ў якія фізіялагічныя працэсы. Ён стабільны, не разлагаецца, і проста выводзіцца з арганізму”.

Дазволеныя Е: бяспечныя і не

Ніжэй прычэплены поўны пералік харчовых дадаткаў, дазволеных да выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь. А таксама табліца небяспечных Е, якія дазволены ў нас, і спіс Е для вегетарыянцаў.

Спіс дазволеных у Беларусі харчовых дадаткаў

Чым які дадатак шкодны

Спіс харчовых дадаткаў: вегетарыянскія, невегетарыянскія, спрэчныя

фота — www.diffio.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі