"Д. не крыўдзіўся, што не ездзіў на спаборніцтвы. Трэніраваўся для сябе"
Акружэнне гімназіста Д., якога падазраюць у нападзенні на 57-гадовую настаўніцу рускай мовы, характарызуе хлопца толькі станоўча. Першая настаўніца кажа, што былы вучань — эталон для пераймання. Бацькі аднакласнікаў, якія кіруюцца словамі дзяцей, займаюць таксама адназначную пазіцыю: Д. спакойны, дружалюбны і ўраўнаважаны з добрай сям'і, і пайсці з нажом на настаўніцу не можа апрыёры. Але ці можа чалавек, падлетак, быць ва ўсіх сэнсах станоўчым і не мець ніводнай адмоўнай рысы характару? Магчыма, акружэнне нешта недагаворвае ці нешта недагаворвае настаўніца, паводле якой, "23 траўня каля 8.30 у памяшканне класа зайшоў вучань-дзевяцікласнік і папярэдне зачыніў за сабой дзверы. Падлетак падышоў да пацярпелай, нанёс некалькі ўдараў нажом і вобласць шыі, пасля чаго выйшаў з аўдыторыі".
Вось і трэнер Д. па джыу-джытсу, Алег Панчанка, у гэтую версію не верыць. Хлопца ён ведае каля дзесяці гадоў. У нейкі час спрабаваў яго выстаўляць на спаборніцтвы, але той сам адмовіўся. Не — дык не. Трэнер не настойваў. Ды і бацькі-дактары ў свой час прывялі Д. на заняткі джыу-джытсу не за перамогамі, а для фізічнага развіцця.
"Я ўпэўнены, што ён на мяне не крыўдзіўся, бо ў іншым выпадку перастаў бы хадзіць на трэніроўкі. Да таго ж, гэта было яго рашэнне, не тое, што я вырашыў. То бок, мы з ім пагаварылі, і ён сказаў, што не хоча выступаць на спаборніцтвах. Звычайна я не настойваю. Я прапаную. Пытаюся: "Будзеш удзельнічаць?". Ён кажа, што не. Таксама калі я бачу, што дзіця не можа паказаць вынік і не можа выступіць годна, то навошта настойваць? Ён сказаў, што хоча трэніравацца для сябе. Гэта былі яго словы. Яго і бацькі прывялі, як я зразумеў, бо ён быў схільны да прастуд: ледзь што — адразу тэмпература, для падтрымання формы, для фізічнага развіцця. Дзеці ж розныя бываюць. Нехта прыходзіць для сябе, нехта канкрэтна хоча ўдзельнічаць у спаборніцтвах і перамагаць. Ёсць дзеці, якія ўвесь час удзельнічаюць у спаборніцтвах, іншыя не хочуць, і ўсё, бо гэта не іхняе".
Алег Панчанка кажа, што ўвесь час думае пра характар хлопца, яго трэніроўкі, але не можна зачапіцца за нешта адмоўнае.
"Ён быў вельмі дысцыплінаваны і адказны хлопец. Я паўтаруся, што не знаходжу ў ім адмоўных рысаў. Чалавек на трэніроўкі ніколі не спазняўся. Калі па вучобе затрымліваўся, калі пасталеў, заўсёды званіў ці смс кідаў, стараўся папярэдзіць, што яго не будзе, ці маці папярэджвала, што ён захварэў і не прыйдзе. Не магу прыгадаць, каб ён з некім канфліктаваў. Не ведаю, з кім ён канктрэтна сябраваў, але стасункі з дзецьмі меў добрыя. На трэніроўках стасункаў як такіх няма, бо я забараняю размаўляць падчас заняткаў. То бок, у працэсе трэніроўкі мы можам нешта абмеркаваць, але гэта ў межах працы".
Нейкіх запамінальных гісторый, звязаных з Д., Алег Мікалаевіч таксама не прыгадвае:
"Ён роўны і ўраўнаважаны хлопец. Роўнае дзіця. Не было ніякіх ўспышак, ні агрэсіі, не плакаў, калі быў малодшым. Працалюбівы. На трэніроўках не сачкаваў. Працаваў сабе такі спакойны. Ведаеце, ёсць жа дзеці з сацыяльнай рызыкай, ад некага можна было б і чакаць нечага падобнага. Але толькі не ад яго. Наколькі я ведаю, ён пастаянна быў загружаны французскай, наведваў школу кшталту нядзельнай і матэматычную. Бацькі стараліся, каб ён па вуліцы не бадзяўся, каб быў увесь час заняты. У яго ўвесь дзень быў распісаны".