Да абласных "Дажынак" у Браславе адрамантуюць ажно... 7 км дарог

Да абласных "Дажынак" у Браславе адрамантуюць ажно... 7 км дарог

У Браславе, дзе сёлета пройдуць віцебскія абласныя "Дажынкі", адрамантуюць сем кіламетраў дарог. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са словаў старшыні Браслаўскага райвыканкама Аляксандра Баданіна.

Чыноўнік падкрэсліў, што мясцовыя ўлады хочуць ашчадна размеркаваць грошы, вылучаныя на рамонт дарог, бо на шмат грошай няма. "З улікам гэтай акалічнасці мы вылучылі некалькі асноўных вуліц з найбольшай інтэнсіўнасцю руху і зношанасцю дарожнага пакрыцця. У выніку атрымалася амаль 7,5 км дарог, якія ўключаныя ў перспектыўны план работ", — заявіў старшыня райвыканкама.

Дарэчы, сёння ў Браславе правёў выязны прыём грамадзян памочнік прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк і асабісты прыём грамадзян — старшыня райвыканкама. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі