Да беларусаў пазітыўна ставяцца 35% палякаў — апытанне

Графіці з беларускімі палітвязнямі каля "Беларускага дома" ў Варшаве

Графіці з беларускімі палітвязнямі каля "Беларускага дома" ў Варшаве

Да беларусаў пазітыўна ставяцца 35% палякаў, негатыўна — 29%, а абыякавымі застаюцца 36%. Пры гэтым "вызначана станоўча" ставяцца да беларусаў 8% рэспандэнтаў, а 27% — "хутчэй станоўча" (разам атрымліваецца 35%). "Рашуча негатыўна" настроеныя 11%, а 18% — хутчэй негатыўна (разам атрымліваецца 29%). На апытанне, праведзенае кампаніяй IBRiS для партала Onet, звярнулі ўвагу ў рэдакцыі Reform.by.

Даследаванне ставіла за мэту даведацца ў палякаў, як яны ставяцца да тых ці іншых нацыянальнасцяў, і параўнаць іх з вынікамі апытанняў мінулых гадоў (у тым ліку непасрэдна перад расійскім уварваннем ва Украіну).

К беларусам позитивно относятся 35% поляков – опрос

Найбольшай сімпатыяй у апытаных карыстаюцца амерыканцы. 72% рэспандэнтаў ставяцца да іх станоўча. Гэта крыху менш, чым адразу пасля пачатку вайны, але больш, чым у папярэднія гады. Негатыўна ставяцца да амерыканцаў толькі 2% рэспандэнтаў.

Месцы "на п'едэстале" займаюць чэхі (63%) і славакі (62%). Тут таксама практычна не ўзнікае пытання аб негатыўных пачуццях. Чэхі не падабаюцца толькі 5% апытаных, славакі — 2%.

Далей ідуць шведы (60%), літоўцы (58%), брытанцы (57%), японцы (55%) і французы (54%). А ўжо за імі — украінцы. Сёння 53% палякаў адносяцца да сваіх усходніх суседзяў з сімпатыяй. Гэта больш, чым непасрэдна перад вайной (тады было 48%), але менш, чым адразу пасля яе пачатку (тады было 64%). У той жа час 20% адчуваюць да іх негатыўныя пачуцці.

У самым канцы спісу — расіяне. Аб станоўчым стаўленні да іх заявілі толькі 13% рэспандэнтаў. Гэты адсотак зніжаецца год ад года: у 2020 годзе больш за палову палякаў станоўча ставіліся да расіян, непасрэдна перад пачаткам вайны гэты паказчык знізіўся да 36%, а адразу пасля ўварвання ва Украіну — да 22%.

Апытанне было праведзенае 27-28 кастрычніка на рэпрэзентатыўнай групе з 1100 чалавек з дапамогай стандартызаванага камп'ютарнага тэлефоннага анкетнага інтэрв'ю (CATI).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі