Да Мікалая Казлова не пусцілі адваката
Да старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, які сядзіць у ЦІПе на Акрэсціна, не пусцілі адваката, паведаміла прэс-служба АГП. У партыі не разумеюць, што адбываецца з іх лідарам.
Казлоў быў асуджаны на 15 сутак па абвінавачанні ў непадпарадкаванні міліцыі. Увечары 6 красавіка ён мусіў выйсці на волю, але яго не выпусцілі.
"У іх на яго можа быць падрыхтавана яшчэ некалькі пратаколаў за непадпарадкаванне, а яшчэ пагражалі і крымінальнай справай. Будзем высвятляць, што атрымаў", — сказаў у каментары Радыё "Свабода" актывіст АГП Дзяніс Красачка.
Казлоў адмаўляецца даваць падпіску аб неразгалошванні ў крымінальнай справе Каардынацыйнай рады, сябрам якой ён з'яўляецца. За гэта яго ўжо двойчы каралі арыштамі па 15 сутак.
Як расказваў лідар сацыял-дэмаратаў Ігар Барысаў, на Акрэсціна Казлоў сядзеў у перапоўненым карцары. Туды штодня вылівалі на падлогу два вядры вады з хлоркай, ад чаго ў насельнікаў камеры былі хімічныя апёкі.