Старшыня БСДП пасля 15 сутак: на Акрэсціна людзей труцяць хлоркай
Пасля 15-сутачнага арышту на волю выйшаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў.
Як распавядала Еўрарадыё, палітыка затрымалі напярэдадні Дня Волі, дзе ён быў адным з заяўнікаў.
У гутарцы з "Нашай Нівай" Барысаў паведаміў, што яго забралі з машыны, у якой ён ехаў з жонкай і малым дзіцем, і спярша завезлі ў лес, потым у Партызанскае РУУС. Там на яго склалі пратакол, быццам ён быў затрыманы каля міліцэйскага пастарунка, не падпарадкоўваўся патрабаванням міліцыянтаў, ухапіўся за сядзенне і не хацеў выходзіць з аўто, калі яго даставілі. А міліцыянты, маўляў, толькі хацелі спраўдзіць яго асобу.
Барысаў расказаў, у якіх умовах трымаюць арыштаваных вязняў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна: "Там ёсць такая асаблівасць: усіх труцяць хлоркай. Пасля ранішняга "шмону" ў камеру заходзілі, раскідвалі рэчы, бралі вядро з хлоркай, вылівалі яго на падлогу і адразу ж выходзілі. Хлопец, які сядзеў там даўно, кажа, што такое адбываецца кожны дзень. Ты мусіш імгненна пачынаць дыхаць праз якую анучку ці майку. Потым усе сядзяць з галаўным болем, бо проста невыносна.
Мне расказвалі хлопцы, якія сядзелі разам са старшынёй АГП Мікалаем Казловым, у якіх умовах яго трымаюць. Яго кінулі ў карцар 2 на 3, там сядзіць шэсць чалавек, голая падлога, ім яшчэ смярдзючага бамжа закінулі. Нам адно вядро хлоркі кідалі, то ў камеру Казлова — два. Я бачыў хлопцаў з той камеры, дык там апёкі твару, распухла ўсё. Яны літаральна святла не бачылі, усё вельмі жорстка".
Потым Барысава перавялі ў Жодзіна — там ён сядзеў у камеры з "палітычнымі": "Усе былі палітычныя, кампанія адэкватная: тры магістры, шэсць чалавек свабодна англійскай валодаюць. Сядзеў разам з бамжом, якога ўзялі за "Жыве Беларусь!" на станцыі "Магілёўская".
Іх было 10 у дзесяцімеснай камеры. Але пасля Дня Волі ў камеру дадалі яшчэ людзей — атрымалася 15 чалавек. "Хлопцы спалі проста на падлозе. Спачатку ў нас былі і матрацы, і бялізна, кніжкі можна было чытаць, на прагулкі вадзілі, у душ два разы", — згадвае палітык.
Пасля 27 сакавіка ў вязняў забралі ўсе сшыткі, кнігі, асадкі. 2 красавіка, кажа Барысаў, некаторых пабілі падчас ранішняга агляду. Прычым аднаму хлопцу так адбілі ногі, што ён не мог стаяць.
"Калі звяртаешся па медыцынскую дапамогу, то абсалютны ігнор. Бомж Саша з "Магілёўскай" паўтара сутак трымаў сухую галадоўку, каб яму доктара далі", — расказвае кіраўнік сацыял-дэмакратаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.