Далідовіч выставіць на аўкцыён сувеніры са сваёй першай і апошняй Алімпіяд

Далідовіч выставіць на аўкцыён сувеніры са сваёй першай і апошняй Алімпіяд

Славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч выставіць на аўкцыён сувеніры са сваіх першых Алімпійскіх гульняў у Лілехамеры 1994 года і апошніх, што адбудуцца ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Пра гэта спартсмен распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё:

“Самы галоўны рарытэт — гэта акуляры з Лілехамера. Цяпер усім атлетам даюць тэлефоны, а тады давалі акуляры фірмы Ray Ban, што тады была спонсарам Гульняў. Акуляры ляжалі ў мяне 24 гады. Я абавязкова вазьму іх з сабой у Паўднёвую Карэю, будуць мне ў якасці талісмана. Магчыма, некаму яны таксама прынясуць удачу. Таксама на сёлетняй Алімпіядзе ўсім спартсменам падораць эксклюзіўны тэлефон Samsung Galaxy Note 8. Такіх тэлефонаў з адмысловай алімпійскай афарбоўкай будзе выпушчана толькі 4 тысячы. Вось яго я таксама выстаўлю на аўкцыён. Я павінен аддзячыць людзей за іх дапамогу ў падрыхтоўцы да Алімпіяды”.

Далідовіч выставіць на аўкцыён сувеніры са сваёй першай і апошняй Алімпіяд

Нагадаем, трапіць на яго сёмую па ліку Алімпіяду 44-гадоваму Сяргею Далідовічу дапамагала літаральна ўся краіна. Пасля таго, як Федэрацыя лыжных гонак адлічыла спартсмена са зборнай і замяніла на расійскіх атлетаў, лыжнік вырашыў рыхтавацца да Гульняў самастойна, а грошы на трэніроўкі (каля 15 тысяч долараў) сабраў праз краўдфандынг. У выніку федэрацыя вярнула Сяргея ў склад зборнай, забяспечыла сродкамі для трэніровак і заявіла на Алімпіяду пад сімвалічным нумарам 7!

У Далідовіча ж засталося каля 11 тысяч “народных” рублёў. Акурат іх, а таксама грошы ад прададзеных на аўкцыёне алімпійскіх акуляраў і тэлефона пойдуць на дабрачыннасць. Куды канкрэтна, пакуль не вырашана. Па словах Далідовіча, яму паступае шмат заявак.

“Грошы было складана сабраць, аддаць будзе лёгка, — рэзюмуе спартсмен. — Грошай не так шмат, усім дапамагчы не зможам, але знойдзем тых, каму яны патрэбныя найбольш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі