Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў

У верасні 2020 года на жаночым маршы каля гандлёвага цэнтра “Айсберг” у Мінску была затрыманая 17-гадовая Наста Казановіч. Шмат хто бачыў, як сілавікі цягнулі маладую дзяўчыну ў прыгожай бліскучай сукенцы ў аўтазак. Праз нейкі час Насту адпусцілі, не даўшы ёй сутак, бо яна была непаўналетняя. Але былі новыя затрыманні і ціск як на саму Насту, так і на яе маму, удзельніцу платформы “Сход” Вольгу Казановіч.  

У хуткім часе дзяўчыну папрасілі забраць дакументы з Лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ, дзе яна вучылася.

Днямі Еўрарадыё даведалася, што дзяўчына з’ехала за мяжу і прайшла з Кашубскай пілігрымкай амаль усю Польшчу. Таксама пабывала ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі і данесла наш бел-чырвона-белы сцяг да Атлантычнага акіяна. 

Як змянілася жыццё Насты Казановіч за гэты год?

Наста Казановіч: Восьмага лістапада 2020 года нас з мамай затрымалі яшчэ раз. Гэта быў апошні масавы мітынг. Мяне на суткі не адправілі, бо я была непаўналетняя. Маці, якая даглядае бабулю-інваліда, і ў яе, акрамя мяне, ёсць яшчэ непаўналетняе дзіця, адправілі да суда на Жодзіна. 

Ведаю, што ў тую ноч людзей катавалі і прымушалі хадзіць па гістарычным сцягу. Мая маці не змагла і пераступіла. Тады ахоўнік, які стаяў побач, урэзаўся ў яе грудзі плячыма і ўсё ж прымусіў прайсціся.

Я стала збіраць дакументы, каб паступіць на праграму Каліноўскага, бо пачала апасацца, што, як споўніцца 18 гадоў, пайду да турмы. 

Калі даведалася, што мяне залічылі, пераехала ў Польшчу. 

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Наста за мяжой / архіў
Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Наста і Алесь Марачкін / Instagram

Еўрарадыё: У верасні ты лічыла, што цяпер вельмі вызначальны час для краіны. Як думаеш, ён яшчэ працягваецца?

Наста Казановіч: Ну канешне. Зараз час, калі Беларусь патрабуе нашай мужнай і самаахвярнай дзейнасці. У першую чаргу ў галіне культуры, нацыянальнай асветы. Будзе мова — будзе Беларусь. Таксама Беларусі патрэбны нашы малітвы і вера. Лічу, што толькі праз пакаянне за мільёны нявінных ахвяр камунізму наша грамадства можа развівацца далей. 


Еўрарадыё: Нядаўна ты нам напісала, што была ў нейкай незвычайнай пілігрымцы. Раскажы, калі ласка, пра сваю вандроўку.

Наста Казановіч: Я даўно марыла прысвяціць нейкі час духоўнаму развіццю,  выпрабаваць сябе і духоўна, і фізічна; узмацніцца ў сваёй веры. Лічу, што нам гэта зараз вельмі патрэбна. Пачала шукаць пілігрымкі і знайшла самую доўгую. 

Гэта была Кашубская пілігрымка. Кашубамі называюць племя людзей, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Польшчы і яшчэ ў XIII стагоддзі змагаліся за сваю незалежнасць. Іх нашчадкамі стаў сучасны этнас — кашубы, якія не былі анямечаны або паланізаваны. 

Зараз у іх захавалася асобная мова, у школах яе можна вывучаць па жаданні. Захаваліся традыцыі і песні. Сталіца этнічнай кашубскай тэрыторыі — горад Картузы. Самі ваколіцы там вельмі маляўнічыя і трохі нагадваюць Віцебшчыну: шмат узгоркаў, блакітных азёр, палі валошкаў.


Еўрарадыё: Як доўга ты трывала пілігрымку?

Наста Казановіч: Пілігрымка мела два этапы: першы мы ішлі да Чэнстаховы 19 дзён і ўвесь шлях пехам (638 км). Другі этап — даехалі аўтобусам да Іспаніі і там ішлі да Сант’яга тры дні (115 км). 

Я выйшла з дому 24 ліпеня. Першую ноч перад вандроўкай спалі ў школе, пасля ўвесь дзень ішлі ўздоўж мора. Спыняліся ў гаспадароў — нас цёпла прымалі і кармілі. 

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Уздоўж мора / архіў
Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Людзі ў пілігрымцы / архіў

Найцікавейшае — гэта, канешне, людзі, з якімі я пазнаёмілася: аднадумцы, якія слухалі, разумелі і шчыра падтрымлівалі мяне. 

З сабою неслі тры сцягі: беларускі, польскі і жоўта-чорны кашубскі.


Еўрарадыё: З беларусаў ты была адна?

Наста Казановіч: Так, усе астатнія — палякі. Размаўляючы са мною, яны вельмі часта згадвалі сваё жыццё пры камунізме і параўноўвалі яго з тым, што адбываецца зараз у Беларусі. Згадвалі сваіх забітых аднакласнікаў. 

Я бачыла, што гэтыя людзі вельмі вераць у нашу перамогу, але кожны паляк разумее, што за Лукашэнкам стаіць Пуцін. І толькі дзякуючы яму рэжым яшчэ трывае.

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Кашубская сям'я / архіў
Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Лунаюць сцягі: беларускі, польскі, кашубскі / архіў

Еўрарадыё: Мо прыгадаеш нешта цікавае, што здарылася ў час вандроўкі? 

Наста Казановіч: Кашубская пілігрымка — мая самая першая і, дай бог, не апошняя пілігрымка. Яна не толькі самая доўгая, але і самая хуткая па тэмпе. Мы ішлі каля шасці кіламетраў у гадзіну! За дзень праходзілі ў сярэднім 35 кіламетраў. Маліліся разам з ксяндзамі за мір у Беларусі, шмат спявалі. 

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Санцьяга / архіў
Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Французскі Лурд / архіў

Аднойчы мы сядзелі ля вогнішча і палякі папрасілі мяне заспяваць што-небудзь па-беларуску. Я вырашыла заспяваць “Трох чарапах”, і аказалася, што адзін хлопец ведае і словы, і акорды. Я тады здзівілася — адкуль? Расказаў, што навучыўся, калі быў у Беларусі на Будслаўскім фэсце.   

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Новыя сябры / архіў

Яшчэ цікава, што многія палякі, з якімі я ішла, былі на Беластоцкай пілігрымцы, якая праходзіць праз Беларусь — Гродна і нават Азёры — вёску, дзе жыве мая цётка. Яны казалі, што гэта іх самая любімая пілігрымка, маўляў, як гасцінна іх звычайна ні сустракалі, у Беларусі — гасцінней за ўсіх: і з песнямі, і з хлебам, і з соллю.

Варта адзначыць, што тыя, хто са мною ішоў, — каталікі, а я праваслаўная. Гэта нікога не бянтэжыла, да мяне ставіліся вельмі шаноўна. 

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Ясная Гара / архіў

Мы прайшлі вельмі шмат прыгожых мясцін. Былі і ў іспанскім Сант’яга, і ў французскім Лурдзе, і ў партугальскай Фатыме. Больш за ўсё мне запомніўся момант, калі яшчэ на пачатку вандроўкі падышлі да Чэнстаховы і пабачылі Ясную Гару. Стаялі на каленях і спявалі “Багародзіцу” — вельмі стары твор, які тым каштоўнейшы, што яго так разам пад такімі ж сцягамі калісці спявалі нашыя войскі пад Грунвальдам.    

Данесла сцяг да акіяна: як жыве Наста Казановіч, якую затрымалі ў 17 гадоў
Затрыманне Насты ў верасні 2020-га / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі