Дарадца Ціханоўскай: для беларусаў у выдачы віз у Літву нічога не змяняецца
Для беларусаў сітуацыя з выдачай літоўскіх віз ніякім чынам не зменіцца. Так Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, пракаментаваў выказванне міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса.
"Мы знаходзімся на сувязі з міністэрствам замежных справаў Літвы: нас запэўнілі, што Літва працягне выдаваць візы. Звычайныя турыстычныя візы не выдаюцца яшчэ ад 2020 году. Усе візы, якія цяпер выдаюцца Літвой, выдаюцца па гуманітарных прычынах", — заявіў ён.
Як распавядала Еўрарадыё, Ландсбергіс заклікаў перакрыць шлях у ЕС расійскім і беларускім турыстам. Таксама ён прапаноўвае ануляваць ужо выдадзеныя доўгатэрміновыя шматразовыя візы — "прынамсі да заканчэння вайны".
Вячорка падкрэсліў, што выступае супраць забароны на выдачу візаў для беларусаў. "Ізаляваць трэба рэжым, а не народ. Але разумеем засцярогі Літвы і еўрапейскіх партнёраў: многія пасобнікі рэжыму і прыхільнікі вайны злоўжываюць шэнгенскімі візамі".
Па яго словах, цяпер распрацоўваецца механізм верыфікацыі, каб беларусы, якія не падтрымліваюць вайну і рэжым, маглі перамяшчацца па тэрыторыі ЕС і мець там бяспечны прытулак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.