Дарафеева: “Ад Аляхно чакалі “Ваў!”, а гэтага не было”

Руслан Аляхно, які прадстаўляў на “Еўрабачанні-2008” Беларусь, не патрапіў са сваёй песняй «Hasta la vista» ў фінал конкурсу і ўжо едзе дахаты. Анатоль Ярмоленка параўнаў Аляхно ў новым вобразе з Біланам і заўважыў, што трэба рабіць нешта адно – альбо скакаць на шары, альбо спявяць. Ірына Дарафеева абвінаваціла ў правале Руслана бэк-вакалістак, якія нібыта перашкаджалі яму чыста спяваць. А Алег Хаменка параіў Аляхно даведацца, навошта спевакам патрэбныя “маніторы” ў вушы. Адзіным сябрам журы, які падчас адборачнага туру напярэдадні “Еўрабачання” выказаўся супраць кандыдатуры Руслана Аляхно, быў лідэр ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка. Па яго словах, Руслан вельмі дрэнна паказаў сябе як вакаліст. На самім “Еўрабачанні” ён выглядаў лепш, але адначасова скакаць на шары і добра спяваць яшчэ трэба навучыцца.

Анатоль Ярмоленка: “Там стратэгічная памылка ім была зроблена, бо ён спяваў у неадпаведнай яму манеры, ён быў неарганічны. І яму трэба было кантраляваць тое, што ён робіць, у той момант, калі спявае. А ён быў на шарах, скакаў і яму трэба было звяртаць увагу на тое, каб на іх утрымацца. Але сказаць, што ён выступіў зусім дрэнна, не магу і не буду. Таму, што я маю на гэта права – я быў адзіны з тых, хто раіў паехаць іншым выканаўцам: Light Sound альбо Гюнеш. Таму, што тады ён выглядаў не лепшым чынам. Ён вырас, працаваў над сабой у гэтым сэнсе, і выглядаў, з большага, нармальна. Яшчэ адна памылка была ў тым, што яго зрабілі пад штамп Білана. А дваіх Біланаў, мне падаецца, Еўрабачанне не вытрымае. Таму і атрымалася, што ён не выйшаў. А выступіў ён, гледзячы на астатніх прэтэндэнтаў, ну, так… У 10-ку мог увайсці, такое магло быць”.

Не хапала, на погляд кіраўніка “Сяброў”, у выступе Аляхно і нацыянальнага каларыту.

Анатоль Ярмоленка:
“Трэба было зрабіць яму такую песню жартоўную, на беларускай мове. А ўсім прадзюсарам, хто там яны ў яго, захацелася зрабіць з яго такога “фірмача”. Яго пастрыглі і змянілі імідж, але выканаўца і яго манеры засталіся тыя ж самыя”.

Ірына Дарафеева прызналася Еўрарадыё, што ўважліва сачыла за выступам свайго маладога калегі і вельмі хвалявалася за яго. Па яе словах у правале канкурсанта ад Беларусі вінаватыя бэк-вакалісткі, якія фальшывілі і збівалі, а таксама пастаноўшчыкі сцэнічнага номеру, якія не давялі яго да ладу.

Ірына Дарафеева: “Я вельмі перажывала за Руслана і адчула, што ён вельмі хваляваўся. І мне падалося, што яму вельмі перашкаджаў бэк-вакал, які не вельмі чыста спяваў разам з ім, не вельмі сінхронна рухаўся. Ад самаго нумару я не была ў захапленні. З яго рабілі таямніцу і ўсе чакалі нейкага: “Ваў!”, усе чакалі большага. Сам ён, канешне, малайчынка. І, мяркую, зрабіў усё, што мог у гэтай сітуацыі. Проста праца павінна быць не толькі яго, але і ўсёй каманды. Мне падалося, што адладжанасці гэтай, у тых, хто быў на сцэне, і не было. Такое адчуванне, што ім не хапіла рэпетыцый. І ўвасаблення рэжысёрскай ідэі я не ўбачыла на сцэне”.

Што тычыцца іміджу калегі, то спявачка сказала, што ацэньваць яго трэба ў кантэксце ўсяго задуманага нумару. А паколькі нумар, на яе думку, не вельмі ўдаўся, то і новы імідж Аляхно выклікае супярэчлівыя пачуцці.

Лідер гурту “Палац” Алег Хаменка не пагадзіўся з тым, што нумар у Руслана Аляхно быў слабы. Кажа, нарэшце нашы навучыліся ставіць харэаграфію нумара. Але спяваць “чыста” гэта канкурсанту не дапамагло.

Алег Хаменка:
“Крыху нашы ўжо навучыліся. Пасля таго, як запрасілі гастарбайтэра Філіпа Бедросавіча, стала больш-менш нармальная тэатралізацыя нумара. Бо тое, што было раней, жахліва. Гэтыя шары выглядалі цікава. Была спроба рэжысуры. Першыя 6-8 планаў падчас выступу, якія брала тэлебачанне былі адрэжысыраваныя. І гэта вялікі плюс. Балет выглядаў фірменна, але на мой погляд, дзяўчаты з Беларусі выглядалі б яшчэ больш якасна. І не ведаюць яны пра самую звычайную тэхналогію, калі манітор у вушы падае менавіта тыя ноты, паралельна з гучаннем безфанаграмным, у якія Руслан павінен быў трапляць бо, па шчырасці, праспяваў ён даволі міма”.

Негатыўна выказаўся лідэр “Палацу” і пра новы імідж канкурсанта.

Алег Хаменка: “З яго рабілі “Калдун-2”, што адразу дае падсвядомае адчуванне, што гэта такі вось прадзюсарскі праект. Не шчырае выступленне атрымліваецца, а нешта такое штучнастворанае. Гэта адразу адчуваецца і дае менавіта такія вынікі”.

Але больш за ўсё крыўдна, кажа музыкант, што Аляхно не зрабіў на Еўрабачанні рэкламы нашай краіны. Бо беларуса там не было, а толькі прадстаўнік Беларусі.

Алег Хаменка: “Самае галоўнае на Еўрабачанні, гэта не месца, а 3 хвіліны рэкламы Беларусі. Там павінна быць беларуская мова, беларускія фэшн-дызайнеры, беларускі балет, беларускія касцюмы, беларускія мелодыка і рытміка. Толькі ў фармаце еўрахіта. Ну выйшаў Аляхно з грэцкімі дзяўчатамі, а выглядаў, як партугальскі мачо. Што да чаго? Дзе тая Беларусь?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі