Дарафеева: Калі Вайцюшкевіч прапануе праспяваць дуэтам — не адмоўлюся
Упершыню сярод дэпутатаў парламента з’явіўся прадстаўнік шоў-бізнесу: спявачка Ірына Дарафеева стала народным абраннікам. Ірына прыйшла ў студыю Еўрарадыё, каб расказаць, чаму вырашыла пайсці ў дэпутаты, ці мае якія заканадаўчыя ініцыятывы, што думае пра “чорныя спісы” і забароненых музыкаў і пра неабходнасць атрымання статуса творчага работніка
Цалкам размову з Ірынай Дарафеевай можна паслухаць:
Найлепшыя цытаты з размовы:
Я пайшла ў парламент не таму, што спявачка і захацела дадатковага піяру, а таму, што хочацца несці прадстаўнічыя функцыі ад работнікаў культуры, сферы мастацтва, адукацыі.
Анатоль Ярмоленка быў сябрам выбарчай камісіі і кажа, што калі за іншых кандыдатаў у скрынях было па 80, 30, 40 галасоў, недзе нават 100, то за мяне заўжды лічбы былі каля 300-400.
Калі б мы змаглі прыняць закон аб мецэнацтве, нам бы не давялося штодня стаяць з выцягнутай рукой пад вокнамі Міністэрства культуры.
Асабіста я пра “чорныя спісы” музыкантаў нешта чула… І той жа "Ляпіс Трубяцкі", які ездзіў, усюды выступаў, потым яны распаліся, і на канцэрце "Трубяцкога" я не так даўно была — значыць, справа не ў "Ляпісе", што ён не так нешта ляпіў… Што да нейкіх забаронаў, то, мне падаецца, у нас у краіне — калі ласка, выступай.
Я за тое, каб была пэўная цэнзура, як раней былі мастацкія саветы і калектыў мусіў адпавядаць нейкім прафесійным патрабаванням, ён павінен мець нейкі статус, і гэты статус павінен быць пацверджаны нейкай адукацыяй ці, калі самавучкі, гэта павінен быць прызнаны калектыў.
Вы хочаце сказаць, што калі Зміцер Вайцюшкевіч праводзіць нейкі канцэрт, то прыязджаюць, у кайданкі яго, у “малпоўнік” ці што адбываецца? Канечне, ніхто не забараняе! Проста трэба ўмець збіраць гэтыя залы, арганізоўваць гэтыя сустрэчы.
Ідэя зладзіць з Вайцюшкевічам сумесны канцэрт добрая, толькі мне складана будзе імгненна на яе адгукнуцца, але калі Дзіма прапануе заспяваць дуэтам нейкую песню — не адмоўлюся, бо ўпэўненая, што атрымалася б выдатна.
Статус творчага работніка трэба пацвярджаць калі не веданнем нотнай граматы, то сур’ёзнымі канцэртамі, добрымі водгукамі, лаўрэацкімі званнямі, дыпломамі з розных фестываляў
Я была ініцыятарам палажэння, каб на айчынных радыёстанцыях гучала 75% беларускай музыкі. І магу сказаць: гэтая норма нідзе і нікім не выконваецца. Нават на беларускім тэлебачанні!
Мне хацелася б, каб наш рынак быў неяк абаронены ад расійскіх артыстаў, але гэта павінная быць не забарона ці што, а нешта кшталту льготы на арэнду залаў, бо мы неканкурэнтаздольныя і не можам, як яны, ставіць на квіток цану 120 рублёў, а ставім 20 — так атрымалася.
Нашу мову ніхто не прыніжае, не стараецца неяк забараніць ці адпіхнуць убок, але нельга мову навязваць, нельга гвалтам, бо адразу ідзе непрыняцце.
Фота Алеся Пілецкага