Дэкрэт супраць наркатычных “бубак” нарэшце пакажуць прэзідэнту
Гэту інфармацыю Адміністрацыя кіраўніка краіны паведаміла Еўрарадыё. Пра лёс праекта Дэкрэта маўчалі паўгода.
Антынаркатычны Дэкрэт мусіў спыніць распаўсюджванне самага папулярнага ў Беларусі ін’екцыйнага наркотыка — “бубак”. Праект заканадаўчага акта быў узгоднены яшчэ ў чэрвені ўсімі сілавымі ведамствамі і нават Саветам міністраў.
Ішлі месяцы, Дэкрэт так і не быў падпісаны. Адны звязвалі гэта з існаваннем так званага макавага лобі, другія — з бюракратызмам асобных чыноўнікаў.
Аднак днямі Еўрарадыё атрымала інфармацыю пра лёс праекта Дэкрэта з Адміністрацыі прэзідэнта:
“У цяперашні час упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі здзяйсняецца падрыхтоўка названага праекта на даклад кіраўніку дзяржавы. Пры гэтым адзначаем, што распаўсюджаная ў глабальным сеціве інфармацыя аб нібыта блакіраванні працы над Дэкрэтам з боку Адміністрацыі прэзідэнта не адпавядае рэчаіснасці”.
Калі менавіта праект пакладуць на стол Аляксандра Лукашэнкі і які канчатковы варыянт дакумента — не паведамляецца.
Нагадаем, што Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала вельмі простыя меры, якія дазволяць спыніць распаўсюджванне “бубак”. Раз з-за канвенцыі ААН прыцягваць да крымінальнай адказнасці макавых дылераў немагчыма, ведамства прапанавала штрафаваць іх на суму ад 1000 да 8000 еўра. Яшчэ адна мера — канфіскацыя месцаў захоўвання забруджанага насення (гаражы, кватэры) і аўтатранспарту, на якім яно перавозіцца. Гэты момант выклікаў спрэчкі. Некаторыя “законнікі” абаранялі макавых дылераў, хоць у той жа час не выступалі супраць канфіскацыі аўтамабіляў у тых жа п’яных вадзіцеляў.
“Бубкі” — гэтым жарганізмам называюць забруджанае опіем насенне маку, якое распаўсюджваецца ў Беларусі з 2004 года. Першыя партыі наўпрост прадаваліся у крамах пад брэндам “Серебряный мост”. Сёння “бубкі” распаўсюджваюць праз наркакропкі і наркатаксі. Сапраўдная колькасць беларускіх спажыўцоў — не меншая за 130 тысяч чалавек (Цэнтр маніторынгу за наркаспажываннем свае даследаванні ад Еўрарадыё ўтаіў).
Сёлета ў лістападзе Еўрарадыё выпусціла журналісцкае расследаванне “За 39 хвілін мак з мінскага рынка пераўтвараецца ў наркотык”. У матэрыяле распавядалася пра тое, як наркаспажыўцы лёгка купляюць “бубкі” і гатуюць з іх наркатычную “шырку”.
Сёлета ў снежні пры дапамозе рэжысёра з народа Руслана Мірзоева мы ў чарговы раз паназіралі, як спажыўцы закупляюць “бубкі” ў сталічных наркатаксі.
Дзеючае заканадаўства дае макавым дылерам усе карты ў рукі для распаўсюджвання заразы. Міліцыя ж, як паказвае практыка, мае паўнамоцтвы прыцягваць іх усяго да адміністрацыйнай адказнасці.