Дэпартаваны з Украіны экс-палітвязень Францкевіч вяртаецца ў Наваполацк
Экс-палітвязень Аляксандр Францкевіч, якога 18 чэрвеня дэпартавалі з Украіны ў Беларусь, вяртаецца ў родны Наваполацк. Маці Аляксандра Таццяна распавяла Еўрарадыё, што сын патэлефанаваў з вакзала ў Мінску і збіраўся выехаць у Наваполацк.
“Папрасіў тэлефон і паведаміў, што праз некалькі гадзін павінен прыехаць, — адказала Таццяна Францкевіч. — Сама толькі ноччу даведалася… Пакуль не ведаю, што дакладна і канкрэтна адбылося”.
Аляксандр Францкевіч — актывіст анархісцкага руху. У 2011 годзе хлопца асудзілі на тры гады зняволення па абвінавачанні ў злосным хуліганстве, наўмысным пашкоджанні маёмасці і насанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі. Аляксандр Францкевіч выйшаў на волю ў 2013 годзе і з’ехаў ва Украіну, дзе атрымаў від на жыхарства. Прычыны, праз якія хлопца дэпартавалі ў Беларусь, пакуль невядомыя.