Дэсантнік: На свята заведзена збірацца і наладжваць п’яныя брацкія адносіны

120802 Larchanka_site.mp3

Еўрарадыё: Што для цябе Дзень дэсантніка? Ці істотнае гэта свята?

 

Міхаіл Ларчанка: Свята, вядома ж, значнае. Калі служыш, мазгі робяцца прасякнутыя усведамленнем, што гэта той дзень, калі заснавалі ВДВ, калі вайскоўцы ў Латвіі упершыню скочылі – таму я стаўлюся да яго як да сапраўднага свята, але, на жаль, сёлета адсвяткаваць яго не змагу. Хацеў бы сустрэцца з сябрамі па службе, я вельмі рад за іх – павіншаваў. Спадзяюся, што ўвечары збяруся з тымі, каго змагу злавіць.

Еўрарадыё: А як ты адзначаеш? Склаўся стэрэатып, што дэсантнікі купаюцца ў фантанах, разбіваюць аб галаву бутэлькі. Ты так робіш?

 

Міхаіл Ларчанка: Летась я купаўся (трэба гэта адзначыць). У Бабруйску гэта адбываецца даволі культурна: спачатку шэсце пад наглядам ДАІ цэнтральнымі вуліцамі на могілкі, дзе пахаваны палкоўнік, які ўзначальваў адну з частак ВДВ Беларусі. Спачатку ўсе збіраюцца там, ушанаўваюць памяць палеглых або памерлых, а пасля банальна п’юць, купаюцца ў фантанах, бутэлек, праўда, не б’юць, бо гэтаму ў частках не вучаць. Вядома ж, ёсць у частках некалькі мардаваротаў такіх, каторыя на паказальных выступах крушаць бутэлькі аб галаву ды б’юць цэглу. Але не ўсе дэсантнікі такія. Многія спрабуюць п’яныя, але гэта часта заканчвацца траўмамі.

Еўрарадыё: А як ставяцца да вас прадстаўнікі праваахоўных органаў?

 

Міхаіл Ларчанка: Яны заўсёды побач ў прыстойнай колькасці, але не чапаюць: ставяцца даволі лаяльна, з разуменнем. Дый самі яны не хацелі б чапаць, бо п’яныя дэсантнікі могуць і калатнечу ўчыніць. Вядома, што іх арыштуюць на 10-15 сутак, але можна і па карку схапіць ад п’янога дэсантніка – гэта непрыемна. Таму яны не чапаюць, не звяртаюць увагі надта.

Еўрарадыё: У Расіі ў пафасе дэсантніка прысутнічае злёгку расісцкі момант – яны б’юць людзей з цямнейшым колерам скуры. Як у Беларусі?

 

Міхаіл Ларчанка: У Расіі яны ўсё гэта ўспрымаюць праз прызму вайны ў Чачні, раней у Афганістане – гэта не дзіўна. Таму яны ходзяць па гарадах, “забіраюць кавуны” ды збіваюць людзей каўказскага выгляду. У Беларусі больш спакойна – можа, у Мінску штосьці такое праскоквае, але ў раённых цэнтрах я прынамсі не ведаю такіх выпадкаў, каб нехта некага біў ці ганяў праз расісцкія меркаванні. Гэта таму, што мы ні з кім не ваюем, не былі ў Чачні і ставімся да гэтых людзей як да звычайных людзей. Расіяне ўвесь час вядуць войны на Каўказе, дэсант бярэ ўдзел у канфліктах, і таму яны гэтак да іх ставяцца.

Еўрарадыё: Сапраўды дэсантныя войскі такія элітныя? Чаму ў народнай свядомасці Дзень дэсантніка вылучаецца з усіх “вайсковых дзён”? Ці адчуваў ты сваю абранасць, калі быў прызваны служыць у дэсанце?

 

Міхаіл Ларчанка: Сам я ў войска наогул не хацеў. Мяне ніхто не пытаўся: прысвоілі першую групу годнасці ды адправілі ў Віцебск. Калі выбралі туды – нейкая гордасць вядома ж была на пачатку. Потым яна пачала расці. Што да “элітнасці” – яна ёсць. Бо і тая “паласа перашкодаў” для дэсантнікаў цяжэйшая. На “мужнасць ды адвагу” здаць цяжэй, чым на “крапавы берэт”. І падрыхтоўкі там болей, і прыязджаюць праверкі ў часткі… Але нельга казаць пра падрыхтаванасць, бо тая падрыхтаванасць беларускага дэсанту нідзе не праяўлялася – толькі 2-га жніўня падчас боек з міліцыяй. У дэсантных войсках ёсць шматлікія падраздзяленні: там і СПА, там і танкі, і пяхота – усё адразу ў адным месцы, таму і падрыхтоўка там лічыцца сур’ёзнейшай, таму і свята святкуецца з большай пампезнасцю.

Еўрарадыё: Колькі разоў вы скокалі з парашутам?

 

Міхаіл Ларчанка: Два.

Еўрарадыё: Цяпер, напэўна, ужо сітуацыя іншая, чым некалі…

 

Міхаіл Ларчанка: Цяпер сітуацыя іншая. Цяпер, калі адбываецца нейкае надзвычайнае становішча падчас скокаў – скокі надоўга перапыняюцца, пакуль усё будзе высветлена. Ды і фінансава гэта цяжэй: наша частка знаходзіцца ў Віцебску – там няма сваіх самалётаў-верталётаў, а каб верталёт прыляцеў з Мінска, трэба каб надвор’е было добрае і там і тут, ляцець доўга, таму часта адкладаліся скокі.

Еўрарадыё: Дэсантура характарызуецца вялікай салідарнасцю сяброў па службе. Ці працягваецца ваша сяброўства пасля службы?

 

Міхаіл Ларчанка: Былі некалькі чалавек з вышэйшай адукацыяй, з якімі мы кантактавалі ўвесь час. А так, толькі на святы, або “Укантакце” часам перапісваемся дзеля ветлівасці: “Здароў. Як маешся?” і г. д. Але на свята заведзена збірацца ва ўсіх родах войскаў і наладжваць п’яныя брацкія адносіны, каб праз год зноў першы раз за год сустрэцца ды зноў спрабаваць наладзіць гэтыя адносіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі