Дэсантнікі разбівалі БЧБ-прадметы, каб павіншаваць Лукашэнку з 23 лютага
28 лютага з'явіўся відэаролік, у якім сілавікі віншуюць Аляксандра Лукашэнку з 23 лютага і клянуцца яму ў вернасці. Таксама ў ролік увайшлі кадры з масавымі пратэстамі і рэакцыяй Лукашэнкі на іх.
Відэа спярша апублікаваў ТГ-канал "Пул Першага", а ўвечары яго паказалі на дзяржаўных тэлеканалах.
Лукашэнку віншавалі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, спецпадраздзяленне "Алмаз", спецпадраздзяленне САХР унутраных войскаў ды іншыя сілавыя ведамствы. Многія ўдзельнікі віншавання здымаліся ў балаклавах, масках, шлемах або цёмных акулярах.
У віншаванні ад імя 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады байцы паказальна разбівалі цвёрдыя прадметы ў бел-чырвона-белай расфарбоўцы, у тым ліку аб галаву чалавека ў балаклаве.
У Беларусі фактычна ўведзеная забарона на спалучэнне белага і чырвонага колераў. Людзей штрафуюць і адпраўляюць на суткі нават за вопратку і фіранкі ў белых і чырвоных колерах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.