Дрэннае і горшае: чаго чакаць ад Расіі, калі Беларусь пазбавіцца ад Лукашэнкі
Проста так Пуцін Беларусь не адпусціць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пры дэмакратычных зменах у Беларусі ад Расіі добрага чакаць не варта. У лепшым выпадку яна пазбавіць Беларусь танных нафты і газу. У горшым — усё можа пайсці па ўкраінскім сцэнары.
Эксперты BEROC ацанілі, з якімі праблемамі сутыкнецца Беларусь пры пераходзе да дэмакратыі без змены рэжыму ў Расіі. А таксама палічылі, колькі грошай спатрэбіцца пры розных рэакцыях суседкі, і расказалі, дзе Беларусь магла б іх знайсці.
Аптымістычны варыянт: як раней, але без падтрымкі
Добры сцэнар для Беларусі — калі Расія паставіцца да перамен негатыўна, але стрымана. У такім выпадку будзе скарочана энергетычная дапамога, Беларусь захавае паўнапраўнае сяброўства ў ЕАЭС, а ў эканоміцы ўсё застанецца прыкладна гэтаксама.
"Крытыка": санкцыі, калапс гандлю і забойствы
Другі сцэнар прадугледжвае, што Масква будзе настроена "крытыкаваць" перамены. Тады пастаўкі энергарэсурсаў будуць спыненыя, каб спрабаваць уплываць на паводзіны Беларусі. Таксама будуць страчаныя прэферэнцыі ў Мытным саюзе і ЕАЭС. Гэта "выкліча калапс гандлю, паколькі гандлёвыя сувязі будуць разарваныя раптоўна", падкрэсліваюць эксперты. Акрамя таго, інструментам ціску стануць санкцыі. І нават гібрыдныя атакі, замахі і забойствы. Гэта павінна падарваць падтрымку змен у грамадстве.
Найгоршы сцэнар — "адкрыта варожая Расія". Ён падобны да таго, што адбывалася з Украінай у апошнія сем гадоў, лічаць эксперты.
Расія цалкам спыніць энергетычную дапамогу Беларусі, любыя прэферэнцыі ў межах Мытнага саюза і ЕАЭС будуць недаступныя. Санкцыйны ціск мацнейшы, чым пры другім сцэнары. Каб падарваць пераход Беларусі да дэмакратыі, будуць выкарыстоўвацца ваенныя ўварванні. Таксама падключыцца расійская дзяржпрапаганда. Тады Беларусь чакае фінансавы крызіс і эканамічны спад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.