"Дынама-Мінск" церпіць другую паразу запар у выязной серыі ў КХЛ
"Дынама-Мінск" прайграе другі запар матч выязной серыі ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Пасля крыўднай разгромнай паразы ад "Віцязя" (0:4) беларускія хакеісты саступаюць маскоўскаму ЦСКА — 1:4.
"Армейцы" гулялі даволі груба, таму "зубры" часта былі ў большасці. Але рэалізаваць перавагу атрымалася толькі аднойчы, калі сваю першую шайбу за "Дынама" за 52 апошнія гульні закінуў Шарль Лінгле.
На жаль, да таго часу лік на табло ўжо быў 0:3 не на карысць мінчукоў. Пасля ЦСКА адзначыўся яшчэ раз. Лік сустрэчы мог бы быць большым, але пры канцы гульні расіяне ў адкрытую піжонілі — хацелі забіць беларусам прыгожа. Не атрымлівалася.
Такім чынам, у першай палове выязной серыі "зубры" зарабілі 0 ачкоў, забілі 1 шайбу і 8 разоў прапусцілі ў свае вароты.
Наступны матч "Дынама-Мінск" правядзе 27 кастрычніка на "Хартвал-Арэне" ў Хельсенкі супраць "Ёкерыта".