Дыпламаты працягваюць звальняцца з МЗС па палітычных прычынах
З Міністэрства замежных спраў чыноўнікі працягваюць сыходзіць па палітычных прычыных.
На гэтым тыдні з цэнтральнага апарату МЗС звольнілася дарадца галоўнага кадравага ўпраўлення Аляксандра Грыдзюшка. Як піша "Наша Ніва", дыпламатка выказала нязгоду з палітыкай, якую апошнім часам праводзіць дзяржава.
Аляксандра Грыдзюшка — дачка былога гендырэктара Вялікага тэатра Уладзіміра Грыдзюшкі. Раней яна працавала першым сакратаром беларускай амбасады ў Латвіі.
Дарэчы, з гэтай амбасады нядаўна звольніліся адразу два супрацоўнікі — дарадца-пасланнік Аляксей Мацюхевіч і старшы дарадца Андрэй Аўраменка, які адпрацаваў у МЗС 17 гадоў.
Крыху раней быў адпраўлены ў адстаўку і пазбаўлены дыпламатычнага рангу Васіль Марковіч, які ўзначальваў беларускую амбасаду ў Латвіі. Паводле адной з версій, Марковіча пакаралі за тое, што многія супрацоўнікі амбасады не пагадзіліся фальсіфікаваць выбары і асудзілі гвалт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.