Дырэктар "Лістападзіка": Настаўнікі вядуць дзяцей у кіно, як цэрберы
11 лістапада настаўнікі шэрагу мінскіх школ вядуць сваіх вучняў (прыкладна 200 чалавек) у кінатэатр "Піянер". У межах кінафестывалю "Лістапад" тут круцяць фільм "Брамнік" бельгійскага рэжысёра Гіёма Сенэса пра закаханых падлеткаў, якія даведваюцца, што стануць бацькамі. Але праз пятнаццаць хвілін па патрабаванні настаўнікаў фільм спыняюць: маўляў, як можна "ТАКОЕ" паказваць дзецям!?
"А ўсё чаму? — піша сведка гісторыі мінчанка Маргарыта Мотарава. — Цудоўныя настаўніцы 5-х класаў не ўмеюць чытаць, таму не змаглі паглыбіцца ў апісанне карціны (яна, дарэчы, пра раннюю цяжарнасць), якое даступна на сайце фестывалю, і разглядзець запаветнае "14+"".
Адміністрацыя кінатэатра вырашае суняць канфлікт і пускае замест "Брамніка" мульцік "Тролі".
І ўсё ж, чаму на фільм з узроставым абмежаваннем "14+" пусцілі пяцікласнікаў? І ці не мусілі пакінуць залу тыя, каму фільм падаўся "парнаграфіяй"?
У кінатэатры кажуць, што большасць школьнікаў былі сямікласнікамі, ды і не будзеш жа ў кожнага на ўваходзе "правяраць метрыку". Тым больш, што па правілах кінатэатраў, калі дзецям няма 14-ці гадоў, яны могуць прыходзіць у кіно разам з бацькамі ці педагогам. Да таго ж, 6-га лістапада фільм ужо паказвалі на шырокім экране. У зале таксама былі школьнікі — і ніякіх прэтэнзій. А ўвогуле, мяркуюць у кінатэатры, настаўнікі мусяць рыхтаваць дзяцей да паказу:
"Калі дзіця некуды вядуць, у тэатр, музей, кіно, настаўнікі мусяць растлумачыць, куды яны ідуць і навошта. І дзеці мусяць быць падрыхтаваныя да таго, што яны ўбачаць. А тут восем настаўнікаў крычаць і пагражаюць нам лістамі ў Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт па адукацыі... Мы прынялі адзінае разумнае рашэнне — уключыць мультфільм. Уявіце, што было б, калі б гэтыя 200 чалавек са скандалам выйшлі з кінатэатра ў цэнтры горада!"
Што разгневала настаўнікаў у фільме? У трэйлеры ёсць сцэны, дзе падлеткі цалуюцца, і дзе хлопец пяшчотна праводзіць рукой па сцягне дзяўчыны. Магчыма, гэта? Атрымаць адказ ад класных кіраўнікоў ці ўвогуле пачуць пазіцыю школ, супрацоўнікі якіх зладзілі практычна акцыю супраціву ў "Піянеры", немагчыма. "Ніхто вам ніякія каментарыі даваць не будзе" і "Мы плёткамі не займаемся", — такія адказы чуем ад "змагароў".
На думку дырэктара праграм "Лістападзіка" (фільм "Брамнік" — адзін з конкурсных фільмаў "Лістападзіка") Ігара Сукманава, сітуацыя ў кінатэатры "Піянер" паказвае, як настаўнікі праз звычайную перастрахоўку ствараюць вакуум паміж жыццём і дзецьмі.
"Фільмы "Лістападзіка" вучаць на самой справе важным рэчам: як спраўляцца з жыццёвымі стрэсамі, як знаходзіць у сабе пачуццё адказнасці, як выпрацоўвацца гэтае пачуцце ў першую чаргу ў дачыненні да іншых людзей і ў дачыненні да самога сябе. Таму такога роду дэмаршы выклікаюць толькі жаль, — кажа Сукманаў. — Чамусьці лічыцца, што задача школьных педагогаў, якія вядуць дзяцей у кіно, глядзець па баках і выконваць функцыю цэрбераў. Умоўна кажучы, каб дзеці не шумелі. А тое, што з дзецьмі трэба весці размовы, у тым ліку і пра жыццё, у тым ліку часам размаўляючы на нязручныя тэмы, да гэтага наша школа, атрымліваецца, не гатовая. Не хачу сказаць, што ўся школа. Але праблема такая ёсць".
Па словах Ігара Сукманава, незадаволеныя мусілі пакінуць залу, а кінатэатр працягнуць паказ "Брамніка" для тых, хто прыйшоў на яго мэтанакіравана:
"А ў выніку ўсё выглядае вельмі іранічна: "Брамніка" замянілі на "Троляў" і ўсе адразу супакоіліся. Гэта ўздымае вялізны знак пытання: што значыць наша адукацыя? Атрымліваецца, што мы адукоўваемся на "Тролях"! Добры мульцік, нічога не скажу. Але да адукацыі ён не мае ніякага дачынення".