Дырэктар НАДА: Беларускія спартсмены перасталі ўжываць мілдранат у 2015 годзе

Дырэктар НАДА: Беларускія спартсмены перасталі ўжываць мілдранат у 2015 годзе

Прэпарат “Мілдранат” (або мельдоній), які знайшлі падчас допінг-тэстаў у Марыі Шарапавай, выкарыстоўвалі і беларускія спартсмены. Але ўсе былі папярэджаныя, што з 1 студзеня 2016 года ён становіцца забароненым. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё паведаміў дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі (НАДА) Дзяніс Мужухін.

Дырэктар НАДА: Беларускія спартсмены перасталі ўжываць мілдранат у 2015 годзе

“Мы карыстаемся толькі спісам WADA (Сусветнага антыдопінгавага агенцтва — Еўрарадыё). Таму гэты прэпарат, вядома, уваходзіць у спіс. Усім спартсменам мы яшчэ з восені паведамілі, што гэты прэпарат з 1 студзеня 2016 стане забароненым. Дактары таксама атрымалі апавяшчэнне і мелі магчымасць з кастрычніка-лістапада скарэктаваць свае праграмы фармакалагічнай падтрымкі спартсменаў”.

Мужухін акцэнтуе ўвагу на тым, што ўсім беларускім спартовым медыкам неаднаразова нагадвалі пра ўвядзенне забароны на мілдранат. Акрамя таго, спіс забароненых прэпаратаў даступны абсалютна кожнаму. Ён ёсць на сайтах, а таксама раздрукаваны ў розных фарматах і раздаецца спартсменам. У год агенцтва праводзіць каля 150 адукацыйных семінараў у камандах і федэрацыях, і калі нехта не азнаёміўся са спісам, дык гэта безадказны і непрафісійны падыход да сваёй падрыхтоўкі, падкрэслівае дырэктар НАДА.

Разам з гэтым, Дзяніс Мужухін кажа, што да забароны, прэпарат часта ўжывалі ў беларускай спартовай медыцыне.

“Гэта распаўсюджаны прэпарат, яго шмат якія дактары выкарыстоўваюць у розных схемах. Што тычыцца нашай спартовай медыцыны, дык усе дактары адразу скарэктавалі [свае схемы]. Вось наш РНПЦ спорту загадзя спыніў пакупку гэтых прэпаратаў. Тыя рэшткі, што заставаліся на складах, скончыліся яшчэ ўвосень”, — кажа дырэктар.

На думку Мужухіна, сусветнага скандалу вакол мілдранату можна было б пазбегнуць, калі б WADA апублікавала больш адкрытую і поўную інфармацыю па навуковых даследаваннях прэпарата. Ён дадае, што да мілдранату ў розных краінах ставяцца неадназначна. Некаторыя лічаць, што гэта не той прэпарат, які варта забараняць у спорце, бо няма пацверджаных дадзеных аб тым, што ён павышае вынікі.

Дырэктар НАДА: Беларускія спартсмены перасталі ўжываць мілдранат у 2015 годзе
Шарапава склікала адмысловую прэс-канферэнцыю, каб паведаміць пра вынікі допінг-тэстаў. Фота: Robyn Beck/AFP/Scanpix

Мілдранат выявілі ў пробах, узятых у Марыі Шарапавай падчас турніру Вялікага шлема Australian Open, які прайшоў у другой палове студзеня 2016 года. На ім, дарэчы, тэнісістка дайшла да чвэрцьфіналу, дзе саступіла першай ракетцы свету Серэне Уільямс.

“Вельмі важна разумець, што цягам 10 гадоў гэтыя лекі не знаходзіліся ў спісе забароненых WADA, і я іх легальна прымала апошнія 10 гадоў, — заявіла Шарапава на адмысловай прэс-канферэнцыі. — Але 1 студзеня правілы змяніліся, і мельдоній стаў забароненым прэпаратам, пра што я не ведала. Я атрымала емэйлы пра гэтыя змены ў спісе забароненых прэпаратаў ад WADA 22 снежня, і я не адкрыла спасылку. Я зрабіла вялікую памылку. Я падвяла заўзятараў, я падвяла спорт. Гэта мой арганізм, і я адказваю за тое, што ў яго трапляе. Я ведаю, якія наступствы мне пагражаюць, і я не хачу заканчваць сваю кар’еру такім чынам”.

Дырэктар НАДА: Беларускія спартсмены перасталі ўжываць мілдранат у 2015 годзе
Былы трэнер Шарапавай Джэф Таранга. Фота: alchetron.com

Асноўныя спонсары Шарапавай Nike і Porsche ужо спынілі з ёй супрацоўніцтва, што істотна ўдарыць па кішэні тэнісісткі. Таксама яе можа чакаць дыскваліфікацыя на 4 гады. Былы трэнер спартсменкі Джэф Таранга ў інтэрв’ю ВВС выказаў здагадку, што Шарапаву адхіляць ад спорту на больш кароткі тэрмін:

“Мяркую, у сувязі з акалічнасцямі справы, тэрмін з чатырох гадоў зніжаецца да двух і аднаго. Нават калі б яна спыніла прымаць прэпарат 1 студзеня, ён заставаўся б у яе арганізме, таму што яна прымала яго да таго, як ён быў забаронены”.

Па словах Тарангі, віна за ўжыванне прэпарата, які стаў забаронены з 2016 года, ляжыць не толькі на спартсменцы, але і на ўсёй яе камандзе.

“Нават калі Марыя не чытала лісты Міжнароднай федэрацыі тэніса і інструкцыі WADA, яе доктар, яе трэнер, яе агент павінны былі чытаць іх. Занадта шмат пастаўлена на карту, каб ігнараваць іх, і само WADA, і тэнісная асацыяцыя WTA, якія ведалі, што Шарапава прымае гэтыя лекі 10 гадоў — яна ж запаўняла іх формы, — памяняўшы правілы, павінны былі патэлефанаваць ёй, сказаць: ты прымаеш лекі, з 1 студзеня яны дадуць станоўчы вынік тэсту”.

Мілдранат вырабляецца ў Латвіі, дзе ён быў распрацаваны ў 1975 годзе і шырока распаўсюджаны ў краінах СНД. Прэпарат экспартуецца і ў Беларусь, яго лёгка можна знайсці ў нашых аптэках.

Дырэктар НАДА: Беларускія спартсмены перасталі ўжываць мілдранат у 2015 годзе

Вынаходнік мілдранату Івар Кальвінш у размове з ВВС назваў глупствам тое, што яго лекі прарыўнялі да допінгу.

“Гэта не допінг. Мілдранат трапіў у спіс рэчываў, забароненых да ўжывання спартсменамі. Гэта зусім не азначае, што яго аднеслі да допінгу. Журналісты называюць гэты спіс допінгавым, хоць на самой справе гэта не так. Той факт, што яго туды наогул ўключылі, на маю думку, — вялікае глупства. Гэта неабгрунтаванае рашэнне.

Каб даказаць, што ён сапраўды з’яўляецца сродкам, які паляпшае фізічныя здольнасці спартсменаў, такіх клінічных даследаванняў я пакуль не бачыў. Таму сцвярджэнне — так або не — гэта беспадстаўна. Трэба альбо даказаць, што гэта так, альбо даказаць, што гэта не так”.

Мельдоній прыцягнуў увагу WADA, калі пачаў сустракацца ў шматлікіх пробах, узятых пры тэставанні спартсменаў. 6 сакавіка нямецкі тэлеканал ARD паказаў новае журналісцкае расследаванне Хаё Зэпэльта, у якім прыводзіліся дадзеныя па выбарцы 2015 года, паводле якой з 4316 пратэставаных расійскіх спартсменаў мельдоній выявілі ў 724 — гэта 17%.

Год таму Сусветнае антыдопінгавае агенцтва ўнесла мілдранат у спіс прэпаратаў пад наглядам. Пасля таго, як выявілася, што ён мае ўласцівасці, якія ўплываюць на спартовыя вынікі, WADA забараніла ўжыванне прэпарата з 1 студзеня 2016 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі