Дзевятоўскі: Я б стаў міратворцам паміж украінскімі і расійскімі дэпутатамі
Пра скарачэнне праграмы міжпарламенцкага турніру ў Маскве, Данбас і Федэрацыю лёгкай атлетыкі расказвае дэпутат-алімпіец Вадзім Дзевятоўскі
Еўрарадыё: 3 кастрычніка каманда беларускіх парламентарыяў вылятае ў Маскву для ўдзелу ў міжпарламенцкіх гульнях: хто з дэпутатаў трапіў у склад каманды і ў якіх відах спорту?
Вадзім Дзевятоўскі: Міжпарламенцкія гульні адбываюцца не першы раз і амаль адразу пасля пачатку працы парламента новага склікання мне кіраўніцтва даручыла паглядзець, хто ў парламенце можа варта выступіць і годна прадставіць нашу краіну. Летась у гульнях бралі ўдзел каманды з больш, як 10 краін і спаборнічалі ў 5 відах спорту: бадмінтон, настольны тэніс, вялікі тэніс, міні-футбол і шахматы. Тады наша каманда з 20 чалавек заняла трэцяе каманднае месца. Было шмат сустрэч “без гальштукаў” паміж удзельнікамі каманд. Мерапрыемства з двух бакоў важнае: і з калегамі зносіны маеш і прапагандуеш здаровы лад жыцця. А сёлета застаўся толькі міні-футбол. Каманда ў нас сабраная, трэніроўкі праходзяць два разы на тыдзень на базе “Ракета” — пасля працы з 19 да 20 гадзін.
Еўрарадыё: Склад каманды назавіце?
Вадзім Дзевятоўскі: Сяргей Навіцкі — сябра Савета Рэспублікі, Дзмітрый Харытончык — старшыня камісіі па прамысловасці і яго намеснік Яўген Абаленскі, адзін з нашых лепшых гульцоў Ігар Станкевіч атрымаў траўму і дапамагчы нам не зможа, Аляксандр Наумовіч, Віктар Валюшыцкі. Дзмітрый Шаўцоў, Валерый Барадзеня і я. Гэта асноўны склад.
Еўрарадыё: А чаму праграма спаборніцтваў так грунтоўна скарацілася?
Вадзім Дзевятоўскі: Не ведаю, па шчырасці. Мы рыхтаваліся і да спаборніцтваў па іншых відах спорту. Я сам думаў і ў вялікім тэнісе сябе паказаць: летась заняў другое месца, разлічваў пазмагацца за золата! А ў каманду па бадмінтоне нават адбор быў! Паводле рэгламенту, прадстаўленаму нам вясной, у каманду па бадмінтоне ўваходзілі 3 чалавекі, а жадаючых паўдзельнічаць было 5. Ёсць у нас людзі, які вельмі добра гуляюць у шахматы. Але ў жніўні нам сказалі, што праграма скарацілася. Як і колькасць удзельнікаў: будуць парламентарыі з Казахстана, Беларусі, Расіі, Латвіі, Сербіі, Літвы і Азербайджана.
Еўрарадыё: У дадзеным выпадку казаць пра тое, што спорт не тычыцца палітыкі не выпадае, і таму не дзіўна, што ўкраінскія парламентарыі на гульні ў Маскву не прыедуць…
Вадзім Дзевятоўскі: І шкада, што ўкраінцы не прыедуць… Хоць і зразумела, чаму. Так, тут пра “без палітыкі” і сапраўды казаць не даводзіцца. Бо летась і ў Дзярждуме быў прыём, дэлегацыі з трыбуны выступалі, выказвалі пазіцыі — тэмы былі абазначаныя і кожны мог сказаць ўсё, што хоча. Я лічу, што такі турнір мог бы шмат па якіх пазіцыях зблізіць дэпутатаў на ўзроўні чалавечых стасункаў. Я разумею, што ёсць супярэчнасці, але іх можна было б абмяркоўваць. Гэта добрая пляцоўка для адстойвання сваіх пазіцый нават у нефармальнай абстаноўцы, для збліжэння і пошукаў паразумення.
Еўрарадыё: Уявім сабе такую сустрэчу “без гальштукаў” людзей з супрацьлеглымі ацэнкамі падзей у Крыме і на Данбасе — украінскіх і расійскіх парламентарыяў. А паміж імі апынуўся прадстаўнік Беларусі Вадзім Дзевятоўскі, чый бок прымеце?
Вадзім Дзевятоўскі: Зразумела, што кожны з бакоў будзе адстойваць палітыку сваёй дзяржавы, але я б хацеў дабіцца разумення ўнутраных працэсаў з пункту гледжання чалавека. І сыходзячы з гэтага я, напэўна, прымаў той ці іншы бок. Ці, можа, сваю б “праўду” сказаў. Бо я ўспрымаю сітуацыю ва Украіне вельмі балюча: скалечаныя лёсы, людзі загінулі. Тут трэба вельмі далікатна і ненавязліва падказаць сваё бачанне звонку. Ну, як цяпер наша краіна выступае ў ролі міратворца і прадстаўляе пляцоўку для пошуку магчымасцяў урэгулявання канфлікту ва Украіне.
Еўрарадыё: Не палітыка, а ў простага хлопца з Наваполацка Вадзіма Дзевятоўскага ёсць свая пазіцыя наконт сітуацыі на Данбасе?
Вадзім Дзевятоўскі: Калі цяпер вам такі Вадзім Дзевятоўскі адкажа, то гэта ўсё адно не будзе ўспрынятае, як адказ простага хлопца з Наваполацка… У мяне, безумоўна, ёсць асабістыя думкі на гэты конт. Я уважліва сачыў за тым, што адбывалася ва Украіне зімой. І у мяне шмат пытанняў. Тут чапляе іншае. Я веру ў тое, што пераважная большасць людзей, якія былі на Майдане да гэтых смерцяў, выходзілі вымушана — інакш яны не маглі выказаць сваю пазіцыю, сваю незадаволенасць станам спраў ва Украіне. І ў гэтым вінаватыя тыя людзі, што былі ва ўладзе, і якія забыліся, што ў краіне ёсць людзі, якія хочуць вартага жыцця. Ну, не было ў той улады нават спроб знішчыць карупцыю! Мне сябры са Львова распавядалі, што нават за тое, каб патрапіць у паліклініку, трэба было хабар даць. І так было паўсюль! І людзі стаміліся ад гэтага і выйшлі сумленна на Майдан. У той жа час, я бачыў, што людзей адмыслова “падагравалі”: калі трэба было прыняць нейкае рашэнне, я бачыў арганізаваныя дзеянні людзей і сіл. Магчыма, яны там і арганізаваліся з прычыны нейкай незадаволенасці, але назіраючы за тым, што там адбывалася, цяжка было паверыць, што яны толькі за ідэю выходзілі. Ці гэта была ідэя, падагрэтая збоку… А ў выніку пачалі захопліваць будынкі, пачалі забіваць прадстаўнікоў сіл правапарадку. Для мяне балюча было бачыць, што іх ніхто не можа абараніць, што таксама сведчыць пра слабасць улады. і калі забілі людзей на Грушэўскага, гэта быў момант на самой справе ключавы. Хто іх забіў? Ёсць сведчанні, што стралялі з боку “рэвалюцыянераў”, а не з боку байцоў спецпадраздзяленняў. Калі гэта не так, трэба правесці празрыстае расследаванне і даць адказы на ўсе пытанні. Гэта страшна, бо забітыя людзі, прычым, з абодвух бакоў. І калі яны ўсе забітыя адной сілай…
Як адказ на ўсе гэтыя сумневы выйшлі на вуліцы людзі ў іншых гарадах Украіны са сваёй праўдай. І пакуль не будзе адказаў на гэтыя пытанні, я не магу выказаць сваё меркаванне па сённяшняй сітуацыі на тым жа Данбасе. Бо калі цынізм дайшоў да таго, што каб яшчэ больш падагрэць дзясяткі тысяч людзей, якія шчыра выйшлі на Майдан, трэба было прынесці такую ахвяру, то… Ну, раскажыце мне, калі ласка, я так атрымалася, што бяззбройныя людзі з драўлянымі шчытамі атрымлівалі кулі ў спіну? Хапае матэрыялаў і экспертаў сусветнага ўзроўню. Я калі ў выпадку з “пекінскай пробай” хацеў дабіцца праўды, то прыцягнуў да справы лепшых спецыялістаў, не шкадаваў грошай на гэта. Я б і тут гэтак жа зрабіў. А калі у Кіеве людзі да ўлады прыйшлі такім коштам…
Шчыра вам скажу, мая пазіцыя не адрозніваецца ад агучанай пазіцыі міратворца. Як грамадзянін Дзевятоўскі кажу, для мяне Украіна, Расія і Беларусь — браты. Простыя людзі, я не кажу пра палітыкаў.
Еўрарадыё: Вы казалі пра падагрэў звонку: сёння мы маем такі “падагрэў” Данбаса з боку Расіі так званымі “добраахвотнікамі” і ўзбраеннем? Няхай у Кіева і Данецка свая праўда, але цяпер вельмі часта чуваць: мы са сваімі праўда разбяромся самі — пакіньце, замежныя “добразычліўцы”, нас у спакоі!
Вадзім Дзевятоўскі: Ваша праўда наконт “самі разбяромся” —цалкам з гэтым згодны. Але тады і з іншага боку, і з боку Захаду, трэба каб знік уплыў на палітыкаў. А мы ведаем пра гэты ўплыў, мы бачым, што з Дзярждэпартамента прыязджаюць людзі і даюць кансультацыі, фінансуюць тыя ці іншыя праекты. Я цалкам за тое, каб на Украіну не ўплывалі ні з таго, ні з іншага боку — дайце людзям самім вырашыць лёс сваёй краіны. Дайце ім час на тое, каб самім вырашыць усе пытанні, на Майдане ці яшчэ дзе. Не трэба тэлефанаваць, не трэба кансультаваць, не трэба ўплываць, не трэба санкцый — мы разумеем, што адбываецца. Калі б я быў грамадзянінам, які не валодае ўсёй інфармацыяй, то я быў бы згодны з вамі толькі ў той частцы, якую вы агучылі, але калі ведаю пра ўмяшальніцтва і з другога боку, то тут складана казаць пра аб’ектыўную сітуацыю.
Еўрарадыё: Як вы адчуваеце сябе ў ролі кіраўніка Федэрацыі лёгкай атлетыкі?
Вадзім Дзевятоўскі: Пакуль што даволі складана… Тут і адказнасць, і разуменне таго, што пачынаць заўжды няпроста. Асабліва, калі пачынаць даводзіцца з пытанняў, якія вымагаюць дакладнай і аб’ёмнай працы. Уздымаю вельмі цяжкія пытанні, якія вымагаюць вельмі дакладнай тэарэтычнай працы. Трэба распрацаваць планы, па якіх будуць працаваць усе, зацікаўленыя ў развіцці лёгкай атлетыкі. Першае — дзіцячы спорт. Тут галоўнае, як нам у сённяшніх мовах знаходзіць “зорачак”, і што трэба рабіць, каб гэтыя “зорачкі” не патухлі заўчасна. Другое — масавы спорт, масавыя спартыўныя мерапрыемствы. Апроч таго, неабходна пра гэта дамовіцца з Мінадукацыі, каб пераглядзелі падыходы да урокаў фізкультуры ў школах. З разуменнем таго, што лёгкая атлетыка — гэта база для любога віду спорту. Трэба матываваць фізрукоў, каб яны выяўлялі найбольш спартыўна таленавітых дзяцей. Падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў будзе займаць вялікую частку нашай працы. Трэба дапамагаць спартсменам вырашаць бытавыя пытанні, каб ён не пра іх думаў, а пра выступ на гульнях.
Еўрарадыё: На ўсё гэта трэба грошы, дзе іх думаеце здабываць?
Вадзім Дзевятоўскі: Трэба думаць, каб і зарабляць у тым ліку. Але ёсць прадпрыемствы, фірмы, якія, я ўпэўнены, зацікаўленыя ў тым, каб у нас была здаровая нацыя праз масавы спорт. Я буду так афармляць супрацоўніцтва, каб людзі ведалі, што выдаткаваныя імі грошы, будуць скарыстаныя на справу на ўсе 100%.
Еўрарадыё: У папярэднім нашым інтэрв’ю вы казалі пра праблему ўжывання допінгу маладымі спартсменамі, будзе нейкая праграма барацьбы з гэтым?
Вадзім Дзевятоўскі: Будзе і праграма, і выяўленне такіх выпадкаў. І прафілактыка. Калі ты хочаш стаць Алімпійскім чэмпіёнам, але з дзяцінства разлічваеш на таблетку, то гэта шлях у нікуды. Гэта будуць дарэмна патрачаныя на чалавека дзяржаўныя грошы: вынікаў сапраўдных не даб’ецца — допінг усё з’есць. За кошт допінгу сапраўдным чэмпіёнам не станеш. І такі чалавек вырасце падманшчыкам, ён на сваю працу разлічваць не будзе.
Еўрарадыё: У Федэрацыю прыйшлі са сваёй камандай?
Вадзім Дзевятоўскі: Не, я не прыхільнік адразу ўсё мяняць. Я дам шанс тым людзям, якія там працуюць. Ёсць праца і ёсць задачы, калі яны выконваюцца, то і я на асобы пераходзіць не буду. Калі ўсё выконваецца і выконваецца правільна, то нармальна, працуем далей, калі не — будзем развітвацца.
Фота: Змітра Лукашука