Арганізатары польскага турніру не дапусцілі Івана Ціхана да старту

У Польшчы арганізатары турніру "Мемарыял Януша Кусачынскага" не дапусцілі да старту беларускага кідальніка молата Івана Ціхана. З такой ініцыятывай выступілі польскія лёгкаатлеты: яны не пажадалі выступаць побач са спартоўцам, чыё імя звязанае з допінгавымі скандаламі.

Як інфармуе сайт sport.pl, ініцыятарам акцыі стаў двухразовы алімпійскі чэмпіён у штурханні ядра Томаш Маеўскі. Ён лічыць, што ўжыванне допінгу на Алімпійскіх гульнях — самы горшы выпадак: "Такіх трэба ізаляваць".

Нагадаем, што допінг-скандал з удзелам Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага адбыўся на Летніх Алімпійскіх гульнях у Пекіне 2008 года. Пасля допінг-пробаў спартоўцы былі дыскваліфікаваныя і пазбаўленыя, адпаведна, бронзавага і срэбранага медалёў.

Аднак 10 чэрвеня 2010 года Спартовы арбітражны суд (САS) вынес рашэнне, што допінг-пробы Ціхана і Дзевятоўскага былі ўзятыя з парушэннем правілаў. Таму спартоўцам вярнулі тытулы прызёраў Алімпіяды-2008.

Акрамя таго, Іван Ціхан быў дыскваліфікаваны на два гады напярэдадні Алімпіяды 2012 года. У яго пробах на Гульнях 2004-га і чэмпіянаце свету 2005-га знайшлі забароненыя рэчы. Летась дыскваліфікацыя Ціхана скончылася.

Фота: interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі