“Джазавыя вечары” ў Мінску: без міліцыі і з пазітыўнымі людзьмі (фота)

У першую суботу лета ў Мінску граюць джаз. Плошча Свабоды бліжэй да 20.00 запаўняецца людзьмі розных узростаў: яны сядзяць на траве ля Ратушы, аблепліваюць сцены будынкаў і шчыльнай сцяной прыціскаюць сцэну, на якой выступаюць “Трыа Канстанціна Гарачага”, шведскі калектыў Corpo і беларуска-нямецка-дацкая каманда на чале з бландынам-прыгажуном Мэдсам Матыясам.

“Людзі згаладаліся па нейкіх простых рэчах, калі можна проста прыйсці і паслухаць музыку, ― разважае пасля выступу Косця Гарачы. ― На жаль, гэта адзіная падзея ў горадзе, калі праходзячы міма, можна атрымаць сур’ёзнае эстэтычнае задавальненне”.

Летні фэст “Джазавыя вечары” ля Ратушы стартаваў у сталіцы тры гады таму. А паколькі да добрага прывыкнуць лёгка, мінчане гэтым карыстаюцца!

“Па-першае, такія фэсты развіваюць музычную культуру. Гэта вельмі добра. Джаз ― гэта сур’ёзная музыка, і маладое пакаленне трэба выхоўваць менавіта на джазе. Мы прыйшлі да джазу ўжо ва ўзросце. Мы кожны год сюды прыходзім. Гэта цудоўна. Асабліва, калі госці з-за мяжы прыязджаюць. Мы не чакалі сёння такой праграмы. І датчанін проста выдатны!”, ― кажа слухачка Люся.

Публіка на “джазе” па суботах, пра якую толькі можна марыць: шчырая, з усмешкамі (нават калі дзеці наступаюць на нагу), слухае і танчыць. Падтрымлівае сваіх музыкаў і найлепшым чынам прымае гасцей. Бялявы датчанін Мэдс Матыяс, відавочна, выдатна адчувае сябе ў Мінску.

“Калі сённяшні фэст параўнаць з тымі, якія праводзяцца на дзяржаўныя святы, гэта іншы ўзровень і іншы кантынгент, ― кажа слухачка Алёна.Няма людзей, якія сябе агрэсіўна ці неадэкватна паводзяць. Шмат дзяцей, танцуюць пары. Адчуваеш сябе ў цэнтры Еўропы. Вельмі прыемныя эмоцыі".

Заход сонца, архітэктура Верхняга горада, джаз… Падаецца, што час спыніўся і мы знаходзімся ў іншым вымярэнні".

“Такія фэсты даюць нашаму гораду добры настрой, ― мяркуе музыка Раман. ― Людзі насычаюцца музыкай. Выдатныя музыкі прыязджаюць і раскрываюцца перад публікай, якая з радасцю гэта ўсё ўспрымае. Хочацца больш такіх фэстаў. Магчыма, калі лепш пашукаць, можа і дастаткова музыкі ў Мінску. Але для большасці, якая не схільная праводзіць шмат часу ў пошуках культуры і мастацтва, натуральна, адкрытыя пляцоўкі ў цэнтры з цудоўнай музыкай ― тое, што трэба. Чым больш іх будзе, у людзей будзе лепшы настрой, узаемаадносіны і ўсё будзе здорава”.

“Джазавыя вечары” працягнуцца 13 і 20 чэрвеня. Перад мінчанамі выступяць Беата Пшыбытэк, Нгуен Ле з трыа “Агонь і вада”, нямецкі трубач Клаўс Штэтар, Аганес Аванесян і яго трыа Morfe, англічанін Дэніс Баптыст і Apple Tea.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі