Дзярждэп: Мы ўважліва сочым за справай Эдуарда Пальчыса
Брыфінг намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк у Мінску прызначылі на 18 гадзін 18 кастрычніка. Відаць, зроблена гэта было адмыслова. Сваю прамову амерыканскі дыпламат пачала з паведамлення пра тое, што Злучаныя Штаты працягваюць рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў яшчэ на паўгода. І практычна адразу па заканчэнні брыфінгу адпаведнае паведамленне распаўсюдзіла таксама Міністэрства фінансаў ЗША.
Гэта азначае, што амерыканскім кампаніям дазволеныя здзелкі з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі.
“Змякчэнне санкцый скіраванае на ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі, яе палітычнай незалежнасці, а таксама ― яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці”, ― азначае Брынк.
Па яе словах, і падчас сустрэч з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеям, і падчас сустрэч з лідарамі беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі дыпламат падкрэслівала: захаванне таго станоўчага патэнцыялу, што назапасіўся ў двухбаковых адносінах паміж Беларуссю і ЗША, магчымае толькі калі Беларусь будзе ісці па шляху ўмацавання дэмакратыі і правоў чалавека.
За год прыпынення санкцый і паляпшэння адносінаў, канстатуе Брыджыт Брынк, быў павялічаны дыпламатычны штат амбасады ЗША, што дазволіла нашым краінам больш шчыльна супрацоўнічаць у такіх накірунках, як гандлёвае супрацоўніцтва і бяспека.
“Пытанне нармалізацыі адносінаў ― гэта шматступенчаты працэс. І пытанне вяртання амбасадараў – адна з прыступак гэтага працэсу”, ― заявіла дыпламат.
А каб гэта нармалізацыя ішла як мага хутчэй, Беларусі неабходна прыслухацца да рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па зменах нашага выбарчага заканадаўства. І найперш размова ідзе пра сумленнае фарміраванне выбарчых камісій і празрысты падлік галасоў. Тым не менш, шчыра прызнаецца:
“Рашэнне аб працягу прыпынення санкцый звязана з тым, як прайшлі выбары ў Беларусі. Па іх завяршэнні мы зрабілі заяву, якая брала ў разлік вынікі назірання БДІПЧ АБСЕ. Мы віталі мірны характар мірны характар правядзення выбараў, адзначалі пэўны прагрэс і тое, што ў парламенце ўпершыню за 12 гадоў будуць прадстаўленыя альтэрнатыўныя кандыдаты. Што праўда, звярталі ўвагу і на негатыўныя моманты”.
Але ёсць і яшчэ адзін момант. Цікаўлюся ў амерыканскага дыпламата, як з’яўленне ў Беларусі новага палітвязня можа паўплываць на нашы двухбаковыя адносіны,
“Як вы ведаеце, вызваленне шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года было тым крокам, які паўплываў на наша першапачатковае рашэнне аб змягчэнні санкцый, ― кажа Брыджыт Брынк. ― Сёння мы ўважліва сочым за справай Эдуарда Пальчыса (беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным ― Еўрарадыё). Але нічога на гэты конт я сказаць не магу, бо ёсць цэлы шэраг момантаў, якія бяруцца пад увагу, калі Урад ЗША вызначае: ці гэты чалавек палітычны зняволены, ці не”.
Тым не менш, у чарговы раз выказвае спадзяванне, што працэс нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і ЗША не спыніцца і ў далейшым.