Дзярждэпартамент ЗША ўзнагародзіў Марыю Калеснікаву за грамадзянскую мужнасць

Марыя Калеснікова / Еўрарадыё
Марыя Калеснікова / Еўрарадыё

Член прэзідыума Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава ўвайшла ў спіс лаўрэатаў International Women of Courage Award — штогадовай прэміі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце ведамства. Калеснікаву адзначылі за грамадзянскую мужнасць.

"Нягледзячы на затрыманне, Марыя працягвае падтрымліваць дэмакратычны рух у Беларусі і служыць крыніцай натхнення для ўсіх, хто імкнецца дамагчыся свабоды для сябе і сваёй краіны", гаворыцца ў паведамленні.

Узнагарода International Women of Courage Award уручаецца з 2007 года жанчынам, якія дэманструюць выключную мужнасць і лідэрства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендэрнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын.

Акрамя Калеснікавай, сёлета былі адзначаныя яшчэ 13 актывістак і грамадскіх дзеячаў з розных краін.

Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбудзецца 8 сакавіка і пройдзе з-за каронавіруса ў анлайн фармаце. Мяркуецца, што ўдзел у ёй возмуць дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і першая ледзі краіны Джыл Байдэн.

Марыя Калеснікава была затрыманая ў верасні 2020 года пасля таго як адмовілася пакідаць краіну і парвала на мяжы сваёй пашпарт. З тых часоў яна знаходзіцца ў зняволенні.

Першапачаткова яе абвінавачвалі ў публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Аднак 10 лютага ёй былі агучаны новыя абвінавачванні — у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім.

Але нават пасля гэтых новых абвінавачванняў Калеснікава пісала, што не ўспрымае турму як "месца для слёз і суму", і казала, што смяецца "таксама гучна і ад душы. Спытайце і супрацоўнікаў і следчых". Яна настойвае, што "мы ўжо перамаглі — сябе, СВОЙ страх І мы дакладна ведаем, чаго хочам" і раіць нават ва ўмовах, калі ўсе вакол спрабуюць закатаць у чырвона-зялёны асфальт, памятаць, што "цямней за ўсё перад світаннем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі