Дзярждоўг Беларусі за 2020 год вырас на 29%

Міністэрства фінансаў / БЕЛТА
Міністэрства фінансаў / БЕЛТА

Па дадзеных Мінфіна, дзярждоўг Беларусі за мінулы год павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%. На пачатак 2021 года ён склаў 57,8 млрд рублёў.

 

Знешні доўг — плюс 8,4%

 

З іх знешні доўг склаў $18, 6 млрд, павялічыўшыся на $1,4 млрд. Гэта на 8,4% больш, чым у пачатку 2020 года.

Усяго летась Беларусь пазычыла за мяжой $ 3146,9 млн. Самая вялікая частка — $1391,5 млн — аблігацыі, якія размяшчаюцца на знешніх фінансавых рынках. Амаль усё гэта — сродкі ад продажу еўрааблігацый летам да прэзідэнцкіх выбараў. Асноўнымі пакупнікамі сталі інвестары з ЗША і Еўропы.

Амаль трэць пазыковых сродкаў ($1051,1 млн) паступіла ад расійскага ўрада і банкаў. Яшчэ $500 млн — транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

У Экспартна-імпартнага банка Кітая Беларусь заняла $126,2 млн. Яшчэ больш сціплыя сумы паступілі ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ($67,1 млн) і ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Паўночнага інвестыцыйнага банка ($11 млн).

Старыя даўгі пагашаліся не так хутка, як браліся новыя. Усяго Беларусь вярнула $1635,3 млн.

З іх $709,4 млн — ўраду і банкам Расіі. Банкам Кітая — $430,3 млн. Яшчэ $118,7 млн Беларусь выдаткавана на вяртанне даўгоў перад МБРР, таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША, ЕБРР і ПІБ.

 

Унутраны доўг — плюс 12,9%

 

Унутраная дзяржаўная запазычанасць павялічылася за 2020 год на 1,1 млрд рублёў і дасягнула 9,9 млрд рублёў.

 У 2020 годзе размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 463,3 млн даляраў ЗША і 300 млн рублёў, — паведамляе Мінфін.

Кампенсавана за мінулы год аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму $857,7 млн і 173,5 млн рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі