Дзяржвыдаткі на хакей перагналі бюджэт на развіццё вышэйшай адукацыі

На дзяржпраграму развіцця хакея (2011-2014 гады) плануецца выдаткаваць каля 259 млрд рублёў . Гэта грошы на падрыхтоўку трэнераў, прапаганду, арганізацыю спаборніцтваў і іншае. Пабудова лядовых палацаў і спонсарства ад дзяржпрадпрыемстваў тут не ўлічваюцца.

Параўнаем хакейную дзяржпраграму з іншымі. На развіццё вышэйшай адукацыі (2011-2015 гады) плануюць выдаткаваць прыкладна 230 млрд рублёў (выйшла танней, чым хакей).

12-гадовая дзяржпраграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі (будуем жа атамную электрастанцыю!) каштуе каля 54 млрд рублёў ― амаль у пяць разоў менш, чым хакей.

Нават нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі (на 2011-2015 гады) аказалася значна менш актуальнай за хакей ― каля 186 млрд рублёў.

Тым часам наша зборная па хакеі трэці год запар дэманструе жалезную “стабільнасць” на чэмпіянатах свету ― 14-е месца. Гуляюць на мяжы вылету з эліты.

Чаму не паляпшаецца вынік? Можа, грошай мала выдаткоўваецца?” ― пытаемся ва Уладзіміра Крыкунова, самага паспяховага трэнера зборнай Беларусі ў гісторыі (Сёння спецыяліст трэніруе “Нафтахімік” ― клуб КХЛ).

Ды не ў гэтым справа. Вы ж стварылі каманду для КХЛ (“Дынама-Мінск”, ― Еўрарадыё). І атрымліваецца, што вы яе стварылі для фінаў, амерыканцаў, канадцаў, чэхаў і славакаў, ― пералічвае спецыяліст. ― Сваіх жа гульцоў там мала. Трэба было зрабіць так, як казахі. Яны цяпер усіх сваіх падцягваюць у каманду, якая гуляе ў КХЛ (“Барыс” з Астаны, ― Еўрарадыё). Там было 12 легіянераў. Потым іх стала пяць, у выніку засталіся трое. Легіянераў замянілі сваімі. І нічога, свае на тым жа ўзроўні загулялі. Далі ім шанц, і гульцы сталі вядучымі ў камандзе. Вось і вы павінны ў “Дынама” пакінуць пяць легіянераў ― адно звяно ― і тры пяцёркі сваіх гульцоў. І вашы хлопцы вельмі хутка вырастуць, асабліва маладыя. Літаральна за 4-5 месяцаў выйдуць на ўзровень КХЛ і будзе ім лёгка там гуляць”.

Недасканаласці, на якія ўказвае Уладзімір Крыкуноў маюць больш тактычны характар. Спецыяліст разважае, чаму хакеістам зборнай Беларусі не ўдалося прайсці праз чэмпіянат свету з высока паднятай галавой:

Дык склад малады быў, адкуль прыйшлі ў зборную гэтыя хлопцы? Трэба было ім гуляць у КХЛ. Яны цяпер маладыя, ім трэба трошкі дапамагчы, і яны тады хутка-хутка вырастуць”.

Еўрарадыё: Але гульцы зборных Даніі, Нарвегіі таксама не гуляюць у КХЛ, але перамаглі беларусаў. Тыя ж французы пабілі расіян…

Уладзімір Крыкуноў: “Агульны ўзровень хакея падрос. Да таго ж раней беларускія зборнікі гулялі ў НХЛ і ў расійскім чэмпіянаце. Былі на вядучых пазіцыях. Іх збіралі, яны шмат працавалі. Сёння ж многія думаюць пра тое, як менш працаваць і больш зарабляць. А тады больш думалі пра працу. У беларускіх зборнікаў была добрая школа. Усе жадалі гуляць за зборную.

Раней у камандах не бывала такога, каб 15 чалавек уключалі адным махам у каманду. Маглі сысці трое, і трое іх замянялі. Быў трывалы склад, гулялі стабільна. Працавалі 11 месяцаў на год і толькі месяц адпачывалі. У каманду прыцягвалі маладых. Яны, гуляючы з дасведчанымі, падцягваліся. А цяпер гэтым не займаюцца. Цяпер так: пачулі, што ў Амерыцы ёсць моцны гулец. Вось купім яго. Там ёсць хакеіст ― купім. І так купім, купім, купім. А ў Беларусі, у Расіі, у Казахстане ёсць таленавітыя людзі, і іх трэба падцягваць”.

Пазіцыю Уладзіміра Крыкунова наконт беларусізацыі “Дынама-Мінск” падтрымлівае вядомы беларускі хакейны спецыяліст, трэнер “Шахцёра” Андрэй Гусаў:

Я так і думаў, што на чэмпіянаце месца будзе з 12-га па 16-е. Адна з прычын, што не сталі цярпець беларусаў у мінскім “Дынама”. Пайшлі па шляху, што трэба як мага больш легіянераў ― і такім чынам з’явіцца вынік. Атрымалася, што беларускія гульцы ў “Дынама” на другіх ролях, яны выглядаюць нічым не лепш за гульцоў з унутранага чэмпіянату. У той жа час, узровень унутранага чэмпіянату моцна пагоршыўся за кошт увядзення лімітаў ― на легіянераў і ўзроставага”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі