Андрэй Гусаў: У ЗША не бывае зборнай студэнтаў. Да гэтага яны пабілі Расію
Вядомы хакейны спецыяліст канстатуе, што пасля стартавых матчаў чэмпіянату свету заакеанскай топ-зборнай не было відаць на фоне зборнай Беларусі.
“Пасля двух першых матчаў чэмпіяната свету я казаў, што хлопцы выдатна падрыхтаваныя фізічна, вельмі правільна гуляюць у хакей, з шалёным настроем, гараць вочы. Зараз беларусы яшчэ больш разняволіліся і гуляюць на ўзроўні топ-зборных. Дакладней, на фоне Беларусі каманды ЗША не было відаць”, — аналізуе вядомы хакейны спецыяліст Андрэй Гусаў.
Нагадаем, што ў чацвер, 7 траўня, беларуская зборная перамагла каманду ЗША, якую не магла адолець ніколі ў сваёй гісторыі. Цяпер Беларусь займае першае месца ў сваёй падгрупе, апярэджваючы такіх грандаў, як Расія, Славакія і ЗША. У першых матчах турніру нашы хакеісты перамаглі Славенію, Данію і саступілі Славакіі. Пасля сенсацыйнай перамогі над ЗША на форумах з’явіліся меркаванні, што нашы адолелі “зборную студэнтаў”. І сапраўды з 24 заакеанскіх хакеістаў толькі 11 амерыканцаў заяўленыя за клубы НХЛ.
“Зборная ЗША ніколі не бывае зборнай студэнтаў ці пенсіянераў. Яны абыгралі перад гэтым зборную Расіі, не пакінуўшы ніякіх шанцаў, — прыводзіць жалезныя аргументы Андрэй Гусаў. — А сёння вынік 5:2 на карысць зборнай Беларусі кажа сам за сябе”.