Выкладчык абяцае залік аўтаматам, калі нашы перамогуць канадцаў
Па версіі букмекераў, шанцы на "халяву" — 1 з 21.
Перад чвэрцьфіналам чэмпіянату свету па хакеі Беларусь-Канада мала хто верыць у перамогу нашых. Але заўзятары гатовыя ісці на адчайныя ўчынкі, абы толькі здарылася сенсацыя. У сацсетках людзі абяцаюць перафарбаваць аўтамабілі, пагаліцца пад нуль, кінуць курыць, нарадзіць пазапланавае дзіця і даць яму імя Дэйв, як у нашага галоўнага трэнера…
Выкладчык аднаго з беларускіх універсітэтаў публічна паабяцаў паставіць залік аўтаматам усёй навучальнай групе, дзе ён выкладае. Сам педагог — актыўны спартовы заўзятар.
“На маім факультэце толькі малая частка студэнтаў цікавіцца спортам. Можа быць, мая прапанова будзе для іх стымулам зацікавіцца хакеем”, — тлумачыць выкладчык сваю задумку.
Пры гэтым ён пралічыў, каб яго заклад са студэнтамі не прынёс шкоды.
“У нас здольныя студэнты, таму я не сумняваюся, што яны здадуць залік у кожным разе”.
Гульня Беларусь-Канада адбудзецца ў чацвер, 14 траўня. Тэлевізійная трансляцыя распачнецца ў 17.15 па беларускім часе. Адзначым, што букмекеры не вераць у перамогу беларусаў. Шанцы на поспех нашай каманды ацэньваюцца як 1 з 21. Каэфіцыент на перамогу канадцаў 1,07