Чвэрцьфінальныя пары хакейнага чэмпіянату свету
У аўторак вызначыліся ўсе іх удзельнікі.
12 траўня прайшлі апошнія матчы групавога раўнда чэмпіянату свету па хакею. У групе "В" за 2-е месца змагаліся зборныя Фінляндыі і Расіі. Фіны перамаглі па булітах — 3:2. У групе "А" Чэхія таксама па булітах перамагла Швейцарыю — 2:1.
У выніку, турнірнае становішча зборных пасля першага этапу наступнае:
Група А: Канада — 21 ачко, Швецыя — 16, Чэхія — 15, Швейцарыя — 10, Нямеччына — 7, Францыя — 5, Латвія — 5, Аўстрыя — 5.
Група В: ЗША — 17, Фінляндыя — 16, Расія — 15, Беларусь — 14, Славакія — 9, Нарвегія — 6, Данія — 4, Славенія — 3.
У чвэрцьфінале Беларусь згуляе з Канадай: статыстыка, гісторыя сустрэч
Матчы 1/4 фіналу пройдуць у чацвер, 14 траўня. Зборныя Беларусі і Канады сустрэнуцца на пражскай "02-Арэне", пачатак у 17.15. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 1". Там жа ў 21.15 пачнецца матч зборных Фінляндыі і Чэхіі. Пераможцы гэтых пар сустрэнуцца ў 1/2 фіналу.
На "CEZ-Арене" ў Астраве згуляюць: ЗША і Швейцарыя (пачатак у 16.15), Расія і Швецыя (20.15). Пераможцы гэтых пар пазмагаюцца ў паўфінале.
Фінал пройдзе ў Празе ў нядзелю, 17 траўня.
Фота: СРА