Дзяржынскі міліцыянт, які збіваў людзей, падаў у суд на праваабаронцаў
Віталь Клімашэўскі вінаваціць праваабарончую арганізацыю "Платформа" у паклёпе і незаконным збіранні або распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцці.
Аднак пасля папярэдняга вывучэння сутнасці справы Клімашэўскаму адмовілі ў пачынанні крымінальнай справы, перадае Радыё "Свабода". Атрымаўшы адмову, Клімашэўскі напісаў заяву на адміністрацыйную справу за паклёп.
Чакаецца, што суд над аўтарам артыкула адбудзецца 19 жніўня а 10-й у судзе Партызанскага раёну Мінску.
Гісторыя пачалася 17 сакавіка. Тады супрацоўнікі міліцыі Віталь Клімашэўскі і Дзмітрый Касцевіч збілі двух маладых людзей — Сяргея Хачатурана і Віталя Ганчара. Пазней міліцыя заявіла, што позна ўвечары хлопцы пачалі чапляцца да міліцыянтаў, якія неслі вахту на вуліцах Дзяржынску. У адказ міліцыянты ўжылі спецсродкі і даставілі хлопцаў у РАУС.
Аднак пасля затрымання абодва хлопцы трапілі ў шпіталь са страсеннем мозгу. Дзяржынскі райсуд не знайшоў віны затрыманых Віталя Ганчара і Сяргея Хачатурана паводле адміністрацыйнай справы за дробнае хуліганства.
Сведкамі па справе былі якраз міліцыянты, якія і збівалі хлопцаў 18 сакавіка — Віталь Клімашэўскі і Дзмітрый Касцевіч. У іх паказаннях было шмат супярэчнасцяў. У прыватнасці, яны самі заявілі суду, што складалі пратаколы без прысутнасці затрыманых, чые подпісы былі падробленыя.
У выніку суддзя спыніў вытворчасць па гэтай справе. А міліцыянтаў ніяк не пакаралі.
Фота Сяргея Хачатурана — platforma.org