ЕБРР перастаў фінансаваць дзяржаўныя праекты ў Беларусі
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прыпыніў фінансаванне праектаў у беларускім дзяржаўным сектары.
"Заклікаем Беларусь і надалей выконваць усе свае міжнародныя абавязанні. ЕБРР па-ранейшаму інвестуе ў праекты прыватнага сектара ў Беларусі, а крэдытаванне дзяржаўных праектаў мы ўжо не ажыццяўляем на працягу нейкага часу", — паведаміў у каментары парталу TUT.by прадстаўнік банка.
Па яго словах, ЕБРР не разглядае новыя праекты ў краіне і імкнецца завяршыць раней падпісаныя інфраструктурныя здзелкі.
У сваёй рэзалюцыі ад 17 верасня Еўрапарламент заклікаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) спыніць аперацыі з дзяржсектарам Беларусі. Гэтая мера стала адчувальнай для беларускіх уладаў. 17 лістапада міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што афіцыйны Мінск прыпыняе дыялог з Еўрасаюзам па пытаннях правоў чалавека, а таксама паніжае ўзровень ўдзелу ў праграме ЕС "Усходняе партнёрства". Умовай для аднаўлення дыялогу ён назваў размарозку праграм ЕБРР і ЕІБ.
ЕБРР працуе з беларускім дзяржсектарам з 2016 года, калі былі знятыя еўрапейскія санкцыі з афіцыйнага Мінска. За 2019 год ЕБРР уклаў у 24 праекты 390 мільёнаў еўра. Самым буйным праектам стаў крэдыт у 126 мільёнаў еўра на рэканструкцыю 12 мастоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.